Працягваюцца затрыманні і суды. Алесь Лагвінец збіты пры затрыманні (абноўлена)
Па ўсёй краіне сёння маюць адбыцца суды над затрыманымі актывістамі і журналістамі. Ёсць звесткі пра затрыманне Алеся Лагвінца і лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанка.
Інфармацыю пра затрыманне Алеся Лагвінца паведамілі яго сваякі і сябры. Разам з Алесем быў затрыманы яго сын Антось, але яго пазней адпусцілі. Па яго звестках, бацьку білі ў аўтамабілі і адвезлі асобы ў цывільным. Зараз ён знаходзіцца ў Маскоўскім РАУС сталіцы.
Сёння ж Лагвінца прывезлі ў суд. Яму інкрымінавалі «папулярны» артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — «дробнае хуліганства». Але Лагвінцу ў залі суда стала кепска, яму выклікалі «хуткую дапамогу». У выніку палітыка дактары забралі ў 9-ю лякарню Мінска.
Анатоль Шумчанка, лідар РГА «Перспектыва» напісаў пра сваё затрыманне ў фэйсбуку. Ён быў затрыманы, калі адводзіў дачку ў дзіцячы садок. На дадзены момант ён знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС.
У Гродне сёння адбудзецца адразу сем судоў. За ўдзел у акцыях пратэсту супраць дэкрэта № 3 будуць судзіць Эдварда Дмухоўскага, Э. Курчэўскага, Валянціну Навумаву, Віталя Дзюка, Мікалая Саляніка, Васіля Корабава і Антона Вайцэхава. У віну ім ставяць парушэнні артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). На Валянціну Навумаву дадаткова складзены пратакол і па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі).
У Гомелі будуць судзіць незалежнага журналіста Яўгена Меркіса і папулярнага відэаблогера Максіма Філіповіча.
Савецкі суд Гомеля сёння будзе разглядаць ужо другую адміністрацыйную справу супраць Філіповіча, які пакараны арыштам на 13 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомелі 19 лютага, цяпер жа яго будуць судзіць за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Брэсце 5 сакавіка.
Яўгена Меркіса будуць судзіць за парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі — яго вінавацяць у незаконным распаўсюдзе інфармацыі. Ён быў вядоўцам некалькіх анлайн-трансляцый тэлеканала «Белсат» з акцый пратэсту супраць дэкрэту № 3 ў Віцебску, Гомелі і Рагачове.
У судзе Савецкага раёна Мінска разгледзелі справу супраць лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. Ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па ч.3 арт 23.34 КаАП.
Сам Сіўчык у суд не прыйшоў, таму ў якасці сведкі выступіў Вячаслаў Шкут, намеснік начальніка Савецкага АПП. Суд пастанавіў арыштаваць Вячаслава Сіўчыка на 15 сутак.
Вячаслаў Сіўчык быў затрыманы наўпрост на пахаванні ўласнага дзядзі. Кажуць, што ён таксама збіты.
Суды над Мікалаем Статкевічам і Уладзімірам Някляевым, якія меліся адбыцца сёння, былі адкладзены. У выпадку Статкевіча рашэннем суддзі пастаноўлена працягнуць суд над ім «да належнага паведамлення пра суд», Някляеву суд быў перанесены на пятніцу.