Віталь Портнікаў: Мінск — адзінае месца на зямлі, дзе могуць сустрэцца і тэрарысты, і прадстаўнік Украіны
Украінскі палітолаг Віталь Портнікаў пракаментаваў ідэю прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі зрабіць Беларусь перамоўнай пляцоўкай дзеля развязвання крызісу.
«Тут гаворка не вядзецца пра перамовы прадстаўнікоў Украіны з прадстаўнікамі Расіі. Гэта сустрэча кантактных груп для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе, у якой будуць браць удзел
прадстаўнікі ДНР і ЛНР.
Справа ў тым, што з прадстаўнікамі Расіі Украіна можа праводзіць перамовы ў любым месцы. А вось з прадстаўнікамі самаабвешчаных тэрарыстычных фармаванняў ДНР і ЛНР ёсць пытанне. Найперш, пытанне
бяспекі нашых прадстаўнікоў. Мінск у якасці месца для такіх сустрэчаў быў прапанаваны яшчэ некалькі тыдняў таму. Тут няма ніякай навіны.
Тое, што Парашэнка пазаўчора прапанаваў Лукашэнку правесці сустрэчы ў Мінску, і ваш прэзідэнт пагадзіўся, значыць толькі тое, што Мінск як месца сустрэчы ўзгоднены. Таму гэта ўвогуле не пытанне
даверу Украіны да прэзідэнта Беларусі. Гэта выключна выбар Мінску як нейтральнага месца, якое гарантуе бяспеку ўдзельнікам перамоваў.
З украінскага боку ў гэтых перамовах бярэ ўдзел другі прэзідэнт Леанід Кучма, і я перакананы, што Лукашэнка гарантуе яму бяспеку. А Леанід Кучма не хоча ехаць у Маскву для такіх перамоваў, бо
ён, мякка кажучы, заклапочаны тым, што Расія зрабіла ў дачыненні да Украіны. Ехаць на тэрыторыю, якую кантралююць бандыты, ён таксама не хоча. У выніку застаецца не так шмат месцаў, куды б маглі
прыехаць і прэзідэнт Кучма, і пасол Зурабаў, і прадстаўнікі АБСЕ, і прадстаўнікі тэрарыстаў.
Як бы гэта ні дзіўна гучала, але Мінск — гэта такое месца, куды могуць прыехаць і Кучма, і тэрарысты з аднолькавым перакананнем, што з імі нічога не здарыцца. Зразумела, што Лукашэнка
будзе гарантаваць бяспеку і прадстаўнікам тэрарыстаў, бо ён звязаны пэўнымі адносінамі з Расіяй. Мінск — ідэальнае месца для такіх перамоваў і, баюся, адзінае на зямлі. Хіба што ячшэ
Алма-Ата, але туды даволі далёка ехаць».
svaboda.org