Юры Чавусаў: Лукашэнка не будзе пасярэднікам, Мінск выконвае тэхнічную функцыю
Беларускі палітолаг Юры Чавусаў пракаментаваў паведамленні, што Беларусь можа стаць пляцоўкай для перамоваў у справе ўрэгулявання крызісу на ўсходзе Украіны.
«Ніхто не прапаноўваў Аляксандру Лукашэнку ці афіцыйнаму Мінску быць пасярэднікам на гэтых перамовах. Функцыю пасярэдніка прапанавалі АБСЕ. Міжнароднае права вельмі дакладна размяжоўвае
паняцці «пасярэдніцтва» і «аказванне добрых паслугаў». У дадзеным выпадку мае месца прапанова на адрас Мінску — выступіць тэрыторыяй, дзе сустракаюцца
бакі перамоваў і пасярэднікі. Гаворка ідзе менавіта пра «аказванне добрых паслугаў», функцыю, якую некалькі месяцаў выконвала Жэнева. Мінск у дадзеным выпадку не выконвае
палітычнай, а толькі тэхнічную функцыю. Адпаведна, замежнапалітычныя ці іміджавыя выгады ад такой ролі для Беларусі мінімальныя.
Аднак у сітуацыі, калі Беларусь знаходзіцца ў замежнапалітычнай ізаляцыі, нават такая функцыя ў пэўнай ступені таксама выгадная. Аднак, вядома, яе памер будзе залежаць ад паспяховасці
перамоваў.
Таксама трэба ўважліва глядзець на прадмет перамоваў — гэта вызваленне закладнікаў і допуск экспертаў на тэрыторыю падзення малайзійскага „Боінга“. Вельмі
кароткатэрміновыя канкрэтныя рэчы. У якасці бакоў перамоваў заяўленыя Расія і Украіна. Пасярэднікам будзе АБСЕ. Шмат што будзе залежаць ад таго, ці здолеюць бакі знайсці агульную мову адносна
стасункаў паміж расійскім афіцыйным бокам і сепаратыстамі, бо тэрыторыя, дзе ўпаў Боінг, і захопленыя закладнікі знаходзяцца пад кантролем менавіта іх. Адпаведна, Расіі давядзецца прызнаць, што яна
прынамсі нейкі ўплыў на сепаратыстаў мае.
Таму атрымліваецца, што і расійскі бок падчас перамоваў можа заявіць, што яны не бок канфлікту, а таксама пасярэднік, які будзе размаўляць з ДНР і ЛНР. Гэта можа быць вырашана, бо гаворка
вядзецца не пра прызнанне рэспублік ці нейкія сутнасныя рэчы, а пра рэчы вельмі канкрэтныя — самалёт і закладнікаў. Але гэта будзе залежаць ад шчырасці бакоў падчас перамоваў. Хутчэй за ўсё,
перамовы і пачнуцца з пытання, ці ў стане Расія кантраляваць тыя суб’екты, якія Украіна заклікае называць «тэрарыстамі». Аднак у адпаведнасці з міжнародным правам
прадстаўнікі ДНР ці ЛНР суб’ектамі перамоваў быць не могуць».
svaboda.org