Лукашэнка-«пляцоўка»

Парашэнка запрапанаваў, каб Беларусь была пляцоўкай у перамовах з Расіяй. Наступствы гэтай навіны для Беларусі могуць быць надзвычай важнымі.



drakaxrust.jpg

Увечары 29 ліпеня БЕЛТА паведаміла сенсацыйную навіну: прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка патэлефанаваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку і прапанаваў даць магчымасць выкарыстаць беларускую тэрыторыю для перамоваў наконт крызісу ва Украіне. Праўда, украінскія крыніцы маштаб навіны крыху скарэктавалі: Парашэнка папрасіў беларускага лідэра спрыяць канкрэтнаму раўнду перамоваў па важных, але да пэўнай ступені тэхнічных пытаннях — аб вызваленні палонных і доступе да месца катастрофы малайзійскага «Боінга».
Але нават з такім удакладненнем навіна — надзвычай важная. І наступствы яе для Беларусі таксама будуць надзвычай важнымі.
Шмат хто з назіральнікаў небеспадстаўна заўважаў, што ў прынцыповых рэчах Мінск ва ўкраінскім крызісе збольшага ідзе ў расійскім фарватэры, а пэўныя рытарычныя асаблівасці, адрозненні заяваў беларускага лідэра ад расійскай рыторыкі не маюць вялікага значэння. Гэта і сапраўды так. З пункту гледжання вечнасьці, скажам. Ці з пункту гледжання інтарэсаў беларускай дэмакратыі. Але гэта аказалася не так з пункту гледжання легітымнай украінскай улады. Краіне, якая адчайна змагаецца за сваё фізічнае выжыванне, не да вечнасці і нават не да суседскай дэмакратыі.
Прапанова інтрыгуе паводле формы. Былы прэзідэнт Украіны, прадстаўнік АБСЕ і расійскі пасол маглі б сустрэцца і на ўкраінскай зямлі, што яны неаднаразова і рабілі раней. Але раней — не цяпер. Пасля пагрому ў расійскім пасольстве, пасля санкцыйнага контранаступу Еўропы, відаць, Украіна — не тое месца, дзе расійскі пасол можа весці перамовы. А Расія — не тое, куды могуць паехаць Кучма і прадстаўнік АБСЕ.
І пазіцыя афіцыйнага Мінску аказалася дакладна такой, якая робіць яго месцам, куды гэтыя тры чалавекі могуць паехаць, не губляючы твар.
Дарэчы, цікава, што быць пляцоўкай перамоваў не прапанавалі Астане. Назарбаеў — саюзнік Расіі не горшы за Лукашэнку, але яму пры гэтым тэлефануюць заходнія лідэры. Лукашэнку — не. А можа таму ён і аказаўся аптымальным калі не пасярэднікам, то «пляцоўкай»?
Хаця можна ўбачыць нейкую заканамернасць. Папярэднік Парашэнкі, выканаўца абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандар Турчынаў падчас свайго кіравання дзіўным чынам сустрэўся з адзіным лідэрам краінаў Мытнага зьвязу, калі не ўсяго СНД — з Лукашэнкам.
Палітычная блізкасць Мінску да Масквы разам з наяўнасцю пэўнай дыстанцыі ад яе робіць яго аптымальнай пляцоўкай для перамоваў. Можна прыгадаць, што Мінск у якасці месца перамоваў называлі і данбаскія сепаратысты.

Бонусы ад Еўропы


Вынік перамоваў прадказаць складана. Прасцей — наступствы самога факту перамоваў у Мінску для Беларусі. Ёй безумоўна будуць удзячныя за гэта і Кіеў, і Еўрасаюз. Гэтыя перамовы выглядаюць дадатковым складнікам да працэсу збліжэння паміж Беларуссю і ЕС, які апошнім часам і сам па сабе ідзе поўным ходам, сведчанне чаму — нядаўні візіт кіраўніка МЗС Літвы ў Мінск.
Відавочна, што Еўрасаюз прымаў жорсткія санкцыі супраць Расіі з цяжкім сэрцам. Гэта і рэальныя эканамічныя страты, і няпэўнасць наступстваў, і гістарычная памяць. Як адзначыў баўгарскі палітолаг Іван Красцеў, калі б сёлетнія падзеі ва Украіне здарыліся не ў 2014, а ў 2038 годзе, можа ўжо і ваявалі б. Але да еўрапейскага канфлікту кантынент мімаволі набліжаецца.
І калі маленькая Беларусь, кіраваная дыктатарам, стане хаця б пляцоўкай, на якой гэты рух будзе хаця б прыпынены — ну ўдзячная будзе Еўропа, хто б што ні казаў і якім бы важным ні было пытанне палітвязняў.
Вырашыцца яно можа па-рознаму, Лукашэнка можа і вызваліць усіх на максімуме бонусаў, як гэта зрабіў у 2008 годзе. А можа і Еўропа заплюшчыць вочы, бо на коне — геапалітычны расклад у рэгіёне і жыцці тысячаў, калі не мільёнаў людзей. Вайна задае зусім іншы фармат ацэнак.
Калі Парашэнку, абранніку праеўрапейскай рэвалюцыі і ўвасабленню еўрапейскага выбару ўкраінскага народу нішто не замінае звярнуцца да дыктатара, то чаму нешта перашкаджае самой Еўропе паразумецца з тым дыктатарам?

Даброты ад Масквы


Не выключана, што ў Маскве гэты варыянт у прынцыпе прадбачылі. Бо з аднаго боку, калі да Беларусі варожы Расіі бок (прынамсі, ва ўяўленні Масквы), так бы мовіць, «главарь хунты карнікаў» звяртаецца як да пасярэдніка, то які Беларусь Расіі саюзнік? Але гэта — больш для жарсных завыванняў спадара Кісялёва і яго падначаленых. З іншага боку, можна прыгадаць заявы пасла Расіі Аляксандра Сурыкава, які неаднаразова казаў, што Масква з разуменнем ставіцца да таго, што пазіцыя Мінску адрозніваецца ад расійскай. Можа, у гэтым была і пэўная прагматыка — мець тую самую пляцоўку на самы крайні выпадак, пляцоўку не тое, што нейтральную, але не Разань усё ж такі.
Так што Мінск за «пляцоўку» можа атрымаць нейкія даброты і ад Масквы таксама.
Беларускую дэмакратыю шкада. Хочацца пажадаць наступнікам Лукашэнкі гуляць гэтак жа ўдала. Ну а нам усім, жыхарам нашага кантынэнту, каб тыя перамовы ў дыктатарскім Мінску хоць крыху спрыялі міру ў братняй Украіне і перашкодзілі спаўзаньню Еўропы ў татальны канфлікт.
Юры Дракахруст, svaboda.org