Россия 24: «Украінскія» перамовы пройдуць у «Заслаўі»

Паседжанне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне пройдзе сёння пад Мінскам у рэзідэнцыі «Заслаўе», паведаміў тэлеканал «Россия-24».



zaslaue.jpg

Цікава, што карэспандэнтка, якая выйшла ў эфір з Мінску, паведаміла, што ў свой час у гэтай рэзідэнцыі спыняўся лібійскі лідэр Муамар Кадафі.
Між тым для беларусаў урадавая рэзыдэнцыя «Заслаўе» звязаная найперш з імем зусім іншага палітыка — былога прэзідэнта Францыі Жоржа Пампіду. Калі той прыляцеў у СССР з неафіцыйным візітам, то месцам ягоных перамоваў з Генеральным сакратаром ЦК КПСС Леанідам Брэжневым стала рэзідэнцыя «Заслаўе» на беразе Мінскага мора. Яе пабудавалі спецыяльна пад гэтую сустрэчу, якая адбылася 11 студзеня 1973 году.
З таго часу ў «Заслаўі» было шмат ганаровых гасцей. Сярод іх — Барыс Ельцын, Уладзімір Пуцін, Махмуд Ахмадзінеджад, Муамар Кадафі, Нурсултан Назарбаеў, Ільхам Аліеў...
Паводле крыніцаў Свабоды, перамовы ў «Заслаўі» могуць пачацца сёння бліжэй да вечара. У амбасадзе Украіны Свабодзе сказалі, што інфармацыя пра перамовы будзе каардынавацца і перадавацца журналістам праз прэсавую службу МЗС Беларусі.
Плануецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і прадстаўнік АБСЕ.
Расія ўхваліла гатоўнасць Беларусі правесці ў Мінску кансультацыі па ўкраінскім крызісе. Пра гэта 30 ліпеня ў сталіцы Таджыкістану Душанбэ заявіў міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.
29 ліпеня прэзідэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся зрабіць Мінск пляцоўкай для перамоваў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта, з такой прапановай да кіраўніка Беларусі звярнуўся праз тэлефон прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Уладзімір Глод, svaboda.org