Кучма прыляцеў у Мінск — шукаць адказы на ўкраінскія пытанні

Трохбаковыя перамовы кантактнай групы па ўрэгуляванні сытуацыі ва Украіне пачаліся 31 ліпеня ў Мінску. Яны праходзяць ва ўрадавай рэзідэнцыі «Заслаўе» з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Расіі і АБСЕ.



kuczma.jpg

Кантактная група сабралася ў Мінску ў поўным складзе. Украіну на перамовах прадстаўляе кіраўнік дабрачыннага фонду «Украіна», у мінулым другі прэзідэнт гэтай краіны Леанід Кучма. Расію — амбасадар ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Адэльхейд Тальявіні.
Перад пачаткам перамоваў стала вядома, што Леанід Кучма сёння паспеў сустрэцца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Той сказаў, што Беларусь будзе рабіць усё дзеля нармалізацыі сітуацыі ў краіне-суседцы, паведамляе БелТА:
«Пасярэдніцтва я не цярплю наагул. Мы будзем разам з вамі рабіць для нашай Украіны ўсё неабходнае, каб хоць неяк зьнізіць напал супрацьстаяння на ўсходзе Украіны. Мы ў гэтым надзвычай зацікаўленыя», — сказаў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што прымае Леаніда Кучму як прэзідэнта, паколькі «былых прэзідэнтаў не бывае».
У тым, што Лукашэнка прыняў Кучму, але не сустрэўся з Зурабавым, нічога надзвычайнага няма, — кажа палітолаг Андрэй Фёдараў. — Кучма быў прэзідэнтам. І Лукашэнка сёння зусім не выпадкова падкрэсліў, што былых прэзідэнтаў не бывае:
«Я не думаю, што сустрэча з былым украінскім прэзідэнтам на нешта паўплывае і неяк зменіць абставіны сённяшняй сустрэчы. Беларусь не ўдзельнічае ў гэтых перамовах як нейкі партнёр альбо пасярэднік. Яна проста дае пляцоўку. А тое, што была сустрэча з Кучмам, дык яны ж калісці былі калегамі. І Кучма быў прэзідэнтам, і Лукашэнка таксама ў той час. Яны і тады сустракаліся. Так што і сённяшняя сустрэча выглядае лагічнай. Нічога новага я тут не заўважаю».
«Фармальнай» называе сустрэчу Лукашэнкі і Кучмы доктар паліталагічных навук Павал Вусаў:

«Бо Кучма не адыгрывае вялікай ролі ў тых працэсах, якія цяпер адбываюцца ва Украіне. Ён быў прапанаваны як нейтральная фігура. Бо мы ведаем, што Масква не прызнае да сённяшняга дня ўладаў у Кіеве. Для іх яны „хунта“, „фашысты“. І таму Маскве нібыта няма з кім весці перамовы.
А Кучма выступае ў гэтай сітуацыі ў ролі фармальна легітымнага прэзідэнта. Але калі паглядзець на спіс удзельнікаў сённяшніх перамоваў, то бачна, што ніводная фігура тут не ключавая і не можа прымаць сур’ёзныя рашэньні. Гэта ўсё другасныя, а такія, як Зурабаў, — і яшчэ меншыя фігуры. Зурабаў — гэта нават не міністар замежных спраў Расіі, а Кучма не займае ніякіх сур’ёзных дзяржаўных пасадаў».
Павал Вусаў наагул не чакае прынцыповых рашэнняў ад сённяшняй трохбаковай сустрэчы. На думку палітолага, толькі Лукашэнка атрымае ад яе іміджавыя выгады:
«Бо няма жадання, найперш з боку Масквы, скончыць гэты канфлікт і пакінуць Украіну ў спакоі. Я думаю, што гэты перамоўны працэс зацягнецца. А Беларусь прыдбае іміджавыя плюсы на міжнароднай арэне, паказваючы, што яна не зусім зацікаўленая ў тым, каб Расія разгортвала тут свае імперскія планы і пашыралася за кошт іншых дзяржаваў».
А вось Леанід Кучма спадзяецца на міратворчую ролю Мінску. Перад ад’ездам на трохбаковую сустрэчу ён сказаў Аляксандру Лукашэнку:
«Падзеі апошніх месяцаў ствараюць больш пытанняў, чым адказаў. А адказаў, на жаль, няма дагэтуль. І мы ў пэўнай меры па адказы прыехалі сюды. З вашай і Божай дапамогай будзем старацца іх знаходзіць».
Уладзімір Глод, svaboda.org