Выбаршчыкаў у краіне — 6,8 млн чалавек, на платформе «Голас» зарэгістравана больш за 450 тысяч
Цэнтрвыбаркам Беларусі ўключыў у спісы выбаршчыкаў на маючых адбыцца выбарах прэзідэнта 6 млн 844 тыс. 932 чалавекі, сведчаць дадзеныя ЦВК.
Найбольшая колькасць выбаршчыкаў у Мінску —1 млн 241 тыс. 21, найменшая — у Гарадзенскай вобласці (751 тыс. 84), паведамляе interfax.by.
Акрамя таго, у спісы выбаршчыкаў унесены 5319 беларускіх грамадзянін, якія знаходзяцца па-за межамі краіны.
На папярэдніх выбарах прэзідэнта ў 2015 годзе колькасць выбаршчыкаў складала 6 млн 995 тыс. 181 чалавек, у 2010 годзе — 7 млн 105 тыс. 660 чалавек.
Платформа «Голас» была створана для альтэрнатыўнага падліку галасоў падчас прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Яе распрацавалі падчас хакатона, абвешчанага штабамі Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі.
Да выбараў карыстачу трэба зайсці па спасылцы ў чат-бот у адным з месенджараў, паведаміць, за каго ён будзе аддаваць голас і выбраць свой участак для галасавання. У дзень выбараў трэба будзе зрабіць фота бюлетэня на сваім участку і адправіць яго ў чат-бот. Вынікі будуць апублікаваныя ў выглядзе абагульненых дадзеных пасля публікацыі афіцыйных вынікаў выбараў.
«У гэты раз ваш голас вырашае ўсё. Мы дапаможам абараніць ваш выбар і пакажам вынікі, палічаныя не камісіямі, а выбаршчыкамі», — гаворыцца на старонцы ініцыятывы.
На момант публікацыі матэрыялу, у «Голасе» налічвалася ўжо больш за 450 тысяч зарэгістраваных выбаршчыкаў. Каб метад падліку спрацаваў, дастаткова больш за мільён чалавек, а ў ідэале — не менш за 3,5 млн. выбаршчыкаў.