Як салдат Швейк у Будславе чыгунку будаваў
Ці ведаеце вы, што бравы салдат Швейк пабываў у Будславе, Маладзечне, Вілейцы? Не, не спяшаецеся ўсклікаць "Не можа быць!" і ліхарадкава перагортваць старонкі знакамітага рамана Яраслава Гашака.
Помнік Швейку ў Перамышлі (Польшча).
Так, успамінаў пра нашы мястэчкі ды гарады ў “Прыгодах бравага салдата Швейка ў часе сусветнай вайны” не знойдзеце. Гашак памёр, не паспеўшы расказаць пра далейшы лёс бравага салдата, але за яго гэта зрабіў сябар, пісьменнік Карл Ванек.
Ён стварыў працяг пад назвай “Прыгоды бравага салдата Швейка ў рускім палоне”. Ванек напісаў яго на падставе асабістага горкага вопыту. У адным з раздзелаў ён прызнаецца чытачу: “Я быў таксама ў Расіі і жыў у палоне ў так званай палоннай працоўнай роце ...”
У працягу знакамітага рамана няўдачлівы ваяка трапляе і ў лагер для ваеннапалонных, і ў Сібір, і ў тыповую рускую вёску... Немалая частка прыгод бравага салдата прыходзіцца на гарады і мястэчкі Беларусі.
Такім чынам, пасля блуканняў па Расіі Швейка і яго сяброў-чэхаў вязуць на Заходні фронт, для працы на абарону. Спачатку яны трапляюць у Віцебск. Пасля сустрэчы палонных адзін з капітанаў рускай арміі адзначыў: “Чэхі — добры народ. Яны мне вельмі падабаюцца. І фізіяноміі іх звяртаюць на сябе ўвагу — усе інтэлігентныя асобы. Але яны босы і распранутыя. Ох, як яны будуць красці! Яны будуць страшна красці, я запэўніваю вас!"
І яго горшыя асцярогі пацвердзіліся: палонныя кралі са складоў усё, што траплялася пад рукі, і нават разукамплектавалі аэрапланы, якія ішлі на фронт. Ды не з дыверсійных мэтаў: проста ім патрэбны быў алюміній, з якога рабілі пярсцёнкі (тыя карысталіся папулярнасцю ў гараджан).
Але простае шчасце палонных было нядоўгім: працоўную роту пасадзілі ў вагоны і накіравалі бліжэй да фронту. У рамане яскрава паказаная атмасфера тых гадоў, апісаны хаос і крадзеж, якія квітнелі на вайне. Палонных абкрадалі ўсе, хто толькі мог:
“Афіцэр Аляксей Пракоф'евіч Баранаў, які камандаваў 208-й працоўнай ротай, адпраўленай на пазіцыйныя працы з Віцебска, ужо ў цягніку пераканаўся, што такога шчасця, як распараджацца ротай палонных і быць іх неабмежаваным уладаром, больш у яго жыцці ніколі не прадставіцца і што гэту акалічнасць трэба выкарыстоўваць як мага паўней. Таму зараз жа ў Маладзечне, дзе яны спыніліся, чакаючы далейшых распараджэнняў ад штаба, ён прадаў яўрэю палову рыдлёвак і кірак, сякер і матык, якіх, на яго думку, было залішне. За гэта ён атрымаў восемсот рублёў. Але так як ён быў прыхільнікам круглых лічбаў, то дадаў да гэтага два мяшкі цукру і скрыню чаю, за што яўрэі яму дадалі яшчэ дзвесце рублёў”.
І калі роце загадалі адправіцца паходным маршам у Будслаў, на пабудову чыгункі, то аказалася , што “нават на адну траціну ні рыдлёвак, ні кірак не хопіць і што працаваць будзе няма чым. Аднак афіцэр не тужыў:
— Нічога, затое не будзе цяжка ў паходзе, а пры працы будзеце мяняцца.
І сапраўды, за ўвесь пераход, які доўжыўся чатыры дні, ніхто не з'явіў асаблівага жадання несці дзесяцікілаграмовыя жалезныя ламы, а пазней, падчас прац, ніколі не адбывалася бойкі з-за інструментаў. Тыя, якім іх не хапала, казалі:
— Мы тут не для таго, каб працаваць: самае большае — гэта мы можам даваць вам парады.
Так яны цягнуліся чатыры дні да Будслава, размяшчаліся на адпачынак у вёсках, набітых салдатамі. Ішлі без абеду, без хлеба, без чаю, расходуючы па дзве капейкі з грошай, зэканомленых у Віцебску на крадзеных рэчах, а Баранаў паціраў сабе рукі.
— Далібог, большага шчасця я і не жадаю. Я ўсё зэканомлю, яны нічога не патрабуюць. Яны, напэўна, ніколі не ядуць!
Так ён сказаў у Будславе сваёй сужытніцы на вуліцы перад камендатурай і смела ўвайшоў у барак. Палонныя разбегліся ў розныя бакі па паселішчы, каб адшукаць сабе ежу”.
Ілюстрацыя да рамана. Фота thewalls.ru
Аднак мясцовы камендант нічога не ведаў пра тое, што ў яго раёне будзе будавацца чыгунка. Параіў: “...адвядзіце іх у Вілейку, дваццаць вёрст будзе адсюль. Там батальён Цвярскога палка. Праз тыдзень ён адтуль сыдзе. Там як-небудзь размясціцеся, а я запытаю тэлеграмай Віцебск пра тое, што з вамі рабіць”.
Чэхі прыйшлі ў Вілейку, якая ў рамане названа вёскай. І там ім месца не знайшлося. Сказалі ісці ў вёску Астравок.
Словам, цэлы тыдзень палонныя хадзілі па наваколлі, таму што адны казалі, што ў Будславе павінна будавацца нейкая чыгунка, іншыя — што не. І ўсё-такі пачалі працаваць: “Гэта была цудоўная праца, якая пачалася пасля атрымання “сродкаў вытворчасці”. Ад вакзала па полі бегалі інжынеры, нацягваючы шнур, а дзесятнікі па лініі расстаўлялі палонных і загадвалі ім капаць насып. Але як толькі прымаліся за працу, так інжынеры, лаючыся, працягвалі шнур у іншым накірунку, і дзесятнікі вялі іх у іншае месца”.
Чыгунка проста расла. Сотні сялян з навакольных вёсак, сагнаных паліцыяй, вазілі пясок для насыпаў. Насып пралягаў прамой, роўнай лініяй, даўжынёй у два кіламетры, без канала, і на паверхні зараз жа закопвалі шпалы і пракладалі каляіну. Інжынеры зніклі, а праз чатырнаццаць дзён усе ўбачылі другую роту, якая пракладала чыгунку па кірунку да іх.
Затым пачаліся дажджы, снег знік. На палях ўтварылася возера, каля насыпаў сабралася вада ў велізарнай колькасці.
Усю ноч ліло, а раніцай у непагадзь палонных зноў пагналі на працу. Але калі яны прыйшлі да палатна, то ва ўсіх ад жаху параскрываліся раты, а Швейк сказаў:
— Ну вось, як раз у акурат! Праца тысяч людзей і коней знікла ў працягу адной ночы.На палях з балота сумна тырчалі адны шпалы, якія падтрымлівалі перагніўшыя рэйкі”.
Рускія інжынеры раўлі на палонных, што тыя “канавы не правялі, вадасцёкаў не праклалі!”. І нават пагражалі расстрэлам.
“Але ніводная з гэтых пагроз не была выканана. На працягу наступных чатырнаццаці дзён вырас новы насып, у якім былі зробленыя папярочныя канавы, а ад Будслава па зноў пракладзеных рэйках ішоў паравоз і цягнуў за сабой некалькі пустых вагонаў.
Але далёка з імі ён не сышоў. У адным месцы дарога так крута падымалася ўгору, што паравоз не мог адолець ўздыму. Потым прыехаў нейкі генерал з тэхнічнымі значкамі, агледзеў дарогу, назваў інжынераў ідыётамі і загадаў на ўздыме скапаць увесь насып”.
А тым часам рускія рыхтаваліся да наступлення: “І ў адзін з вечароў рускія пачалі атаку бамбардзіроўкай з гармат. Увесь гарызонт быў асвечаны ракетамі, гранатамі і шрапнеллю, зямля трэслася і гула, вокны звінелі, і ва ўсёй вёсцы ніхто не спаў”.
Чыгунка ўсё ж была пабудаваная, і працоўная рота адправілася папраўляць дарогу ў іншым месцы. Адначасова палонныя наводзілі жах на жыхароў вёсак, дзе ім даводзілася спыняцца: “Яны кралі ўсе, што ім траплялася пад руку. Цягалі зжаты хлеб у адрынах, урываліся ў каморы, лавілі курэй, і ўрэшце ні адна котка, ні адзін сабака не былі ўпэўненыя ў тым, што яны не будуць з'едзены палоннымі”.
Так што, прыгод Швейку на беларускай зямлі хапіла: ён нават паспеў у рэвалюцыйных падзеях паўдзельнічаць. Але ўсе нягоды ён пераносіў спакойна, ніколі не губляў гумару і падбадзёрваў сяброў тыпова швейкаўскімі прымаўкамі і гісторыямі.
Урэшце бравы салдат вярнуўся ў Чэхію. І прызначыў сябрам сустрэчу ў шынку са словамі: “Яна, гэтая вайна, з усімі гэтымі бітвамі, прамовамі і парадамі ні чорта не вартая. Надакучыла ўжо гэта!”
Алесь Высоцкі, www.rh.by
Фота ru.wikipedia.org
Карэл Ванек нарадзіўся ў 1887 годзе ў горадзе Чэрні-Косцелец у 30 кіламетрах ад Прагі. У час Першай сусветнай вайны быў на рускім фронце, затым трапіў у палон.
Па вяртанні на радзіму працаваў у перыядычным друку. Пасля смерці Яраслава Гашака па просьбе выдаўца скончыў чацвертую частку рамана, а пасля надрукаваў пятую і шостую — пра лёс Швейка ў рускім палоне. Памёр у 1933 ад сухотаў у Празе.