Шляхціча з-пад Клічава рэпрэсавалі за фота маці вакаліста «Aerosmith»

Якая сувязь між савецкімі рэпрэсіямі, вакалістам «Aerosmith» Стывенам Тайлерам і польскамоўным пісьменнікам Фларыянам Чарнышэвічам (1900–1964)? На першы погляд, ніякай. Аднак не ўсё так адназначна. Дзед спевака быў родным братам пісьменніка, эміграваў у ЗША з тэрыторыі цяперашняга Клічаўскага раёна і дасылаў сваякам лісты, якія і сталі нагодай для расстрэлу іх трэцяга брата

Сям’я Фелікса Бланча (Чарнышэвіча) у ЗША, 1930-я гады:

Сям’я Фелікса Бланча (Чарнышэвіча) у ЗША, 1930-я гады:

На здымку — сям’я Фелікса Бланча (Чарнышэвіча) у ЗША, 1930-я гады: сам Фелікс, яго жонка Бэсі, іх дзеці Сьюзан (маці Стывена Тайлера, справа), Соня і Эрвін. На фота няма яшчэ аднаго сына, Эдварда. Фелікс Чарнышэвіч з’ехаў у Амерыку на заробкі ў 1914 годзе і памяняў прозвішча на «Blancha» (у англійскім вымаўленні «Бланча»).

Магчыма, змена прозвішча спатрэбілася дзеля лягчэйшага ўладкавання ў ЗША, вымавіць «Чарнышэвіч» англамоўнаму чалавеку было б складана. Амерыканская даследчыца Мэган Смаляняк (Megan Smolenyak) знайшла дакументы, згодна з якімі Фелікс Чарнышэвіч на параходзе ў ЗША назваў месцам свайго нараджэння Бабруйск, а нацыянальнасць — паляк. Польскі даследчык біяграфіі пісьменніка Фларыяна Чарнышэвіча Барташ Байкуў лічыць «польскасць» беларускай шляхты адсылкай да даўняй Рэчы Паспалітай, адгалоскам існавання супольнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. У раманах Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы» і «Віцік Жывіца» гучыць слова «Беларусь», але сялян пісьменнік называе «рускімі», піша «апрануцца па-руску» (у сялянскі строй). «Рускі» выступае як сінонім «праваслаўнага». «Паляк» сустракаецца ў значэнні «католік», адначасова ўсё больш фігуруючы як этнонім і як пазнака шляхецтва. Пісьменнік узгадвае, напрыклад, «праваслаўных палякаў», калі піша пра шляхту, што адышла ад каталіцтва праз тое, што паблізу не было касцёла.

Ксёндз Анджэй з Бабруйска, што раз на два тыдні служыць імшу ў Клічаве, кажа, што каталіцтва і польскасць для яго прыхаджан непарыўна звязаныя. Нават калі гутараць пра яго наведванне Італіі, пытаюцца: «На якой мове вы там размаўлялі з католікамі? Па-польску?» Праўда, набажэнствы ў Клічаве наведваюць рэгулярна пераважна людзі, што ўжо ў савецкі час пераехалі з Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, ці іх нашчадкі. З мясцовых католікаў засталося толькі дзве кабеты з вёскі Юзафін, астатнія ўжо на могілках.

sertyfikat_prybyccja_feliks_czarnyszevicz.jpg

На сайце geni.com унук Фелікса Чарнышэвіча Скот Бланча выставіў сертыфікат рэгістрацыі, згодна з якім яго дзед прыехаў у ЗША з Расіі (закрэслена пазней? і напісана «З Польшчы») як Felix C. Czarnyszewicz. Мэган Смаляняк піша, што такое прозвішча фігуруе і ў пасведчанні Фелікса аб шлюбе (ён ажаніўся ў 1925 годзе). Такім чынам, невядома дакладна, калі было змененае прозвішча.

Шлюбны здымак Бярнарда Чарнышэвіча і Ядвігі Сікорскай. За імі стаяць сястра Ядвігі Анця і брат Бярнарда Станіслаў. 1921 г.

Шлюбны здымак Бярнарда Чарнышэвіча і Ядвігі Сікорскай. За імі стаяць сястра Ядвігі Анця і брат Бярнарда Станіслаў. 1921 г.

Сямейны здымак Фелікс выслаў свайму брату Бярнарду Чарнышэвічу, які жыў у вёсцы Вялічкава (цяпер Бабруйскі раён). Паводле звестак унучкі Бярнарда Ірыны Рэва, яе дзед пераехаў у Вялічкава, калі ажаніўся ў 1921-м г. са шляхцянкай Ядвігай Сікорскай, якая была адтуль родам. Яго бацькі засталіся жыць у вёсцы Перасека Клічаўскага раёна, што, падобна, і стала правобразам Смалярні з «Надбярэзінцаў» Фларыяна Чарнышэвіча.

Фелікс і Бярнард даволі доўга ды інтэнсіўна ліставаліся. А ў СССР, як вядома, мець сваякоў за мяжой, ды яшчэ падтрымліваць з імі сувязь, было небяспечна для жыцця. Аднак Бярнарда гэта чамусьці не дужа хвалявала. Атрымаўшы фота, ён з гонарам паказаў яго ўсім аднавяскоўцам. Да таго ж, пераказваў лісты брата аб тым, як добра жывецца ў ЗША. Тады нехта папярэдзіў Бярнарда, што ўзялі шмат людзей у ваколіцах і, магчыма, рыхтуецца яго арышт.

Нагодай для рэпрэсій маглі стаць не толькі лісты з Амерыкі, а і шляхецкае паходжанне ды каталіцкае веравызнанне мужчыны. У 1937–1938 гг. па СССР пракаціліся "нацыянальныя аперацыі", у т. л. "справа палякаў".

Побыт дробнай шляхты ў ваколіцах Бабруйска апісаў у аўтабіяграфічным рамане «Надбярэзінцы» брат Бярнарда Фларыян Чарнышэвіч. У кнізе, праўда, ідзе размова пра 1911–1920 гады. Там згадваецца і брат у Амерыцы, да якога мае намер ехаць галоўны герой, але яму замінае выбух Першай сусветнай вайны.

Дакументы з сямейнага архіву Ірыны Рэва. У дакументах прозвішча Бярнарда запісана як Чарнушэвіч. Верагодна, гэта памылковае прачытанне польскага Czarnyszewicz

Дакументы з сямейнага архіву Ірыны Рэва. У дакументах прозвішча Бярнарда запісана як Чарнушэвіч. Верагодна, гэта памылковае прачытанне польскага Czarnyszewicz


Бярнард не стаў чакаць, пакуль па яго прыйдуць, і з’ехаў на Данбас працаваць у шахтах, пакінуўшы ў Вялічкаве сям’ю. Ён час ад часу прыязджаў на некалькі дзён, але не паказваўся на вуліцы. Яго жонка прасіла дзяцей нікому не распавядаць, што тата дома. Лісты ад брата з Амерыкі працягваў атрымліваць, але ўжо праз трэція, калі не дзясятыя, рукі. Пасля адной з паездак дамоў Бярнарда «ўзялі» на Данбасе. Гэта адбылося 21 лютага 1937 года.

Унучка Бярнарда, Ірына Рэва, жыве ў горадзе Кіраўску Магілёўскай вобласці. Яна падзялілася з Клічаўскім краязнаўчым музеем фотаздымкамі ды гісторыямі з сямейнага архіву. Дзякуючы музею мы з Ірынай Сцяпанаўнай і пазнаёміліся. Паводле яе словаў, на пачатку 1990-х гадоў, калі яшчэ можна было трапіць у архівы КДБ, яна гартала справу дзеда. Са скандалам і крыкамі, але дакументы ёй далі. Супрацоўнікі крычалі, маўляў, чаго ездзіце то вы, то ваша маці. Леакадзія Бярнардаўна, дачка рэпрэсаванага, цікавілася лёсам бацькі і таксама наведвала архіў Упраўлення КДБ у Магілёве. Яна памерла ў лістападзе 2018 года, будучы пры памяці і паспеўшы шмат чаго распавесці дачцэ Ірыне.

Дакументы з сямейнага архіву Ірыны Рэва. У дакументах прозвішча Бярнарда запісана як Чарнушэвіч. Верагодна, гэта памылковае прачытанне польскага Czarnyszewicz

Дакументы з сямейнага архіву Ірыны Рэва. У дакументах прозвішча Бярнарда запісана як Чарнушэвіч. Верагодна, гэта памылковае прачытанне польскага Czarnyszewicz

Паводле словаў Ірыны Сцяпанаўны, у справе яе дзеда пазначана: той казаў на допытах, што не мае нічога супраць савецкай улады, але ў Амерыцы жыць лепш. Гэта адзіная яго віна. З Данбаса арыштаванага этапавалі ў Бабруйск. Ён сядзеў у Бабруйскай крэпасці, Леакадзія Бярнардаўна ўзгадвала, што дзяцей да яго пускалі, яна хадзіла, размаўляла з бацькам. Бярнарда расстралялі 17 верасня 1937 года ці то ў самім Бабруйску, ці то каля недалёкай вёскі Міхалёва.

Але Ірына Рэва памятае з дзяцінства, нібыта прыходзіла папера аб тым, што Бярнард Францавіч памёр ад сухотаў у Ніжнім Тагіле. Адшукаць паперу ў сямейным архіве яна не змагла. Жанчына мяркуе, што ў дакументах магілёўскага КДБ маглі пазначыць, што ён расстраляны, а дэ-факта выслаць на работы. Гэта версія пацвярджаецца лістом Фларыяна Чарнышэвіча да польскай пісьменніцы Юзэфы Радзыміньскай. 20 траўня 1953 г., жывучы ў эміграцыі ў Аргентыне, ён піша, што апошні ліст з радзімы, ад сястры, атрымаў у 1946 г. праз ЗША (магчыма, яго пераслаў брат Фелікс). Жанчына паведамляла, што іх брат сасланы ў Сібір у 1937 г., і ў 1946-м ад яго ўсё яшчэ "ні слуху, ні духу".

3_dzjady_aerosmith.jpg


У 1963 годзе Бярнард Францавіч Чарнышэвіч быў рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР «за адсутнасцю склада злачынства», а яго дачка, Леакадзія Бярнардаўна Іваніцкая, прызнаная пацярпелай ад палітычных рэпрэсій.