«Загадалі шукаць жоўты парашок». Ці асаджвала Масква радыяцыйныя аблокі над Беларуссю?
У Чэрыкаўскім раёне на Магілёўшчыне неўзабаве пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС райкам партыі загадаў супрацоўнікам шукаць жоўты парашок, піша «Радыё Свабода».
Паводле не пацверджанай дакументальна версіі, на наступныя дні пасля аварыі на ЧАЭС самалёты вайскова-паветраных сіл СССР разганялі «чарнобыльскія» аблокі над Беларуссю снарадамі з ёдзістым срэбрам, ратуючы Маскву. Пра падзеі 33-гадовай даўнасці згадвае жыхар Чэрыкаўскага раёну Мікалай П., які на той час працаваў у райкаме партыі.
Што вядома пра асаджванне «чарнобыльскіх» аблокаў
8 траўня 1989 году беларускі пісьменнік і народны дэпутат СССР Алесь Адамовіч (на фота) накіраваў дэпутацкі запыт намесніку старшыні Савету міністраў СССР і міністру атамнай энергетыкі пад назвай «Дык хто ж заплаціць?». Сярод іншага ён задаваў наступнае пытанне: «... ці праўда, што аддаленыя ад Чарнобылю раёны Магілёўскай вобласці — Краснапольскі, Слаўгарадзкі, Чэрыкаўскі, часткова Касцюковіцкі, Быхаўскі, Клімавіцкі і некаторыя іншыя — атрымалі настолькі небяспечную дозу радыяцыі з той прычыны, што на іх пасадзілі чарнобыльскую тучу? Расстралялі яе і пасадзілі. Тую, якая неслася да Масквы».
У красавіку 1990 году ў брытанскім часопісе New Scientist выйшаў артыкул журналісткі Веры Рыч пра ўкраінскі пратэст супраць утойвання Савецкім Саюзам маштабаў чарнобыльскай трагедыі. Сярод іншага яна згадала «пашыраную думку», што кіраўнік Дзяржкамітэту СССР па гідрамэтэаралогіі і кантролі прыроднага асяроддзя Юры Ізраэль загадаў асадзіць радыеактыўныя «чарнобыльскія» аблокі над усходняй Беларуссю, «калі здавалася верагодным, што змена ветру панясе іх на Маскву».
У 2007 годзе ў дакументальным фільме «Навука супершторму» на тэлеканале BBC Two выступіў былы лётчык маёр Аляксей Грушын. Камандзір экіпажа сакрэтнага падраздзялення «Цыклон» расказаў, як яны разганялі «чарнобыльскія» хмары снарадамі з ёдзістага срэбра. Гэта рабілася, па яго словах, каб радыеактыўныя часціцы праліліся дажджом і не паляцелі «ў бок густанаселеных гарадоў — Масквы, Варонежа, Ніжняга Ноўгараду, Яраслаўля». «Калі б дождж выпаў над гэтымі гарадамі, гэта была б катастрофа для мільёнаў. Раён, дзе мой атрад актыўна збіраў хмары, размяшчаўся каля Чарнобыля, ня толькі ў 30-кіламетровай зоне, але на адлегласці ў 50, 70 і нават 100 км», — расказаў BBC Грушын.
Больш падрабязна пра дзеянні спецпадраздзялення «Цыклон» расказала ў 2016 годзе афіцыйная «Российская газета». У артыкуле фігуруе новы расповед Аляксея Грушына пра 8 сваіх вылетаў на адмыслова аснашчаным бамбавіку «Ту-16».
Пры гэтым аўтар артыкула адзначае,
што дагэтуль не рассакрэчана, «дзе менавіта адбывалася „ўздзеянне“ на аблокі».
Аднак робяцца высновы: «Пашырэнне ачагоў заражэння ўдалося спыніць» і «„Цыклон“
бараніў ад радыеактыўнага заражэння не адну Маскву. Ён бараніў усю краіну!».
Гэтую версію падзяляюць не ўсе. Грыгорый Кручаніца, які кіраваў у 1986 годзе аддзелам Цэнтральнай аэралагічнай абсерваторыі (Масква), заявіў Naviny.by, што «практычна немагчыма перашкаджаць распаўсюду ў атмасферы аэразольных часціц, якія знаходзяцца ў цвёрдай фазе. Нельга „не пусціць“ радыеактыўнасць у нейкі бок, стварыўшы дажджы».
Брытанскі фізік Алан Флаўэрз, першы заходні навуковец, які праводзіў замеры радыяцыі ў раёне Чарнобыля, сцвярджаў: у выніку выпадзення асадкаў непаінфармаванае насельніцтва Беларусі атрымала апрамяненне, у 20–30 разоў вышэйшае за норму.
Пра знойдзены парашок павінны былі далажыць у райкам — паведаміць пра месца і канцэнтрацыю
Па словах Мікалая П. (па ягонай просьбе імя змененае), у траўні 1986-га першы сакратар райкаму Васіль Новікаў сабраў партыйных работнікаў і паставіў задачу шукаць у раёне жоўты парашок. Дзеля гэтага сфармавалі групы па двое. Мікалаю выпала працаваць у ваколіцах вёскі Чудзяны. Ён тады ня ведаў, што ўзровень радыяцыі там быў ужо самы высокі на Чэрыкаўшчыне.
Мікалай кажа, што групам не тлумачылі, дзеля чаго трэба шукаць той парашок. На працягу трох дзён ён з напарнікам абыходзіў наваколле, выпытваў у людзей, ці натыкаліся яны на такое рэчыва, але безвынікова. Ці знаходзілі яго іншыя групы, яму невядома. Пра вынікі сваіх пошукаў калегі адзін аднаму не паведамлялі.
«Калі б мы натрапілі на жоўты парашок, то павінны былі паведаміць у райкам пра яго месцазнаходжанне ды канцэнтрацыю...» — згадвае ён.
«Выпраўлялі, каб упэўніцца, што парашку няма»
Мікалай сцвярджае: пазней сам Новікаў у прыватнай гутарцы расказаў, як самалёты вайскова-паветраных сіл распылялі адмысловае рэчыва, каб асадзіць радыяцыйныя аблокі і не дапусціць іх на тэрыторыі, блізкія да Масквы. Адсутнасць жоўтага парашку на зямлі нібыта сведчыла, што ён распусціўся.
Паводле Мікалая, ідучы ў зону, ніхто
не задумваўся пра ўласную бяспеку. Адгазнікаў, рэспіратараў і адмысловых камбінезонаў
партыйцы не патрабавалі, бо не разумелі, што такое радыяцыя і якія яе
наступствы.
«Тады наагул не было звестак пра радыяцыйнае становішча. Дазымэтрычны кантроль яшчэ не праводзіўся», — адзначае былы партыйны работнік.
Ён прыгадвае: калі ў радыяцыйныя раёны пачалі прыязджаць супрацоўнікі Акадэміі навук, то спачатку «скрозь зубы тым, хто іх суправаджаў, пераказвалі сакрэтную інфармацыю», а потым ужо адкрыта гаварылі пра небяспеку.
Наколькі яна сур’ёзная, зразумелі, калі ў забруджаныя мясціны «нагналі сотні „партызанаў“ здымаць верхні пласт радыяцыйнага грунту».
Прыязджалі ў раён і замежныя адмыслоўцы, якія апавядалі пра наступствы ад радыяцыі. Тлумачылі, як яна перасоўваецца і як далёка яе выявілі ад эпіцэнтру аварыі. Дапускалі, што на Чэрыкаўшчыну яе магло прынесці і ветрам з самога Чарнобылю.
«За самавольны выезд з радыяцыйных мясцін выключалі з партыі»
Ад Чарнобылю да Чэрыкаўскага раёну 300 кіламетраў. 23 тутэйшыя вёскі, у тым ліку Чудзяны, трапілі ў зону адчужэння з прычыны радыяцыйнага забруджання тэрыторыі — людзей з іх адсялілі, хаты закапалі.
Але, па словах Мікалая П., адсяляць
людзей з забруджаных вёсак пачалі толькі гады праз тры пасля аварыі. Дагэтуль
гаворкі пра перасяленне не было зусім, а спробы з’ехаць разглядаліся як
панікёрства. Партыйцаў, якія вывозілі сем’і на чыстыя тэрыторыі, выключалі з
партыі.
«Я ведаю тры такія выпадкі, — сцвярджае Мікалай П. — Уцякалі спецыялісты, людзі з вышэйшай адукацыяй. Іх выключалі, каб іншыя не пераймалі іхнага прыкладу. Партфункцыянеры даводзілі, што ўсё пад кантролем, а чальцы партыі павінны дэманстраваць пазітыўны настрой».
Ён адзначае, што бальшыня вяскоўцаў таксама не ўспрымала інфармацыю пра небяспеку.
«Я памятаю, нас, партыйных работнікаў, абавязалі праводзіць сацыялягічныя апытанні, якімі высвятлялася, як людзі ставяцца да радыяцыі. Мне давялося працаваць з даяркамі. Слухаючы мяне, яны грэбліва ўсміхаліся і казалі: „Мы нямала цярпелі — і гэта перацярпім“».
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагоддзя.
У атмасферу было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнага бамбавання Хірасімы ў 1945 годзе.
З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуявалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі з’ехалі з пацярпелых тэрыторый.
У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 петабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 петабэкерэляў. Перыяд паўраспаду цэзію–137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасць на тэрыторыі Беларусі зменшылася ўдвая.