Бессаромная беларуская прапаганда: у дзяржаўнай газеце прапанавалі «вырошчваць геяў» для айчыннага спорту

У беларускую прапаганду белымі ніткамі ўшыты расійскі наратыў, «чырвонай анучай» для якога з'яўляецца ЛГБТ-супольнасць. «Тр*буна» піша пра чарговы скандал у міжнародным спорце, створаны ўмелымі рукамі расійскіх фэйкаплётаў: пра тое, што ў будучыні не менш за 10% удзельнікаў Алімпійскіх гульняў павінны быць ЛГБТ-людзьмі. Беларуская прапаганда ў баку не засталася.

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»


Ужо некалькі дзён у расійскім інтэрнэце распаўсюджваецца «сенсацыйная» заява кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томаса Баха: нібыта 5 снежня функцыянер сказаў, што ў будучыні не менш за 10% у камандзе кожнай краіны на Алімпійскіх гульнях павінны будуць складаць ЛГБТ-людзі. Гэту навіну расцягнулі многія СМІ рознага ўзроўню, большасць з іх пісалі, што словы Баха нібыта перадала аўтарытэтная крыніца — міжнародны тэлеканал «Euronews». Але, зразумела, на сайце выдання такіх слоў няма.
Няма нічога падобнага і на сайце «Insidethegames» — партала, які спецыялізуецца менавіта на асвятленні дзейнасці МАК і міжнародных федэрацый. Адзіная навіна пра камітэт за апошнія дні нагадвае, што Бах працягвае падтрымліваць міжнародны бан ад МАК у адказ на вайну, якую з 24 лютага вядзе Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, і пазіцыя функцыянера нават стала больш жорсткай пасля чутак пра тое, што ён спрабуе забяспечыць хаця б некаторую прысутнасць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі на Гульнях-2024. Ды і астатнія босы «камітэтчыкаў» свайго меркавання не змянілі.


Што тычыцца фэйку пра «ЛГБТ-квоту», СМІ, якія разабралiся ў сітуацыі, паведамляюць, што запусцілі дэзінфармацыю ў расійскім сегменце Telegram, і звязваюць яе з'яўленне з увядзеннем у Расіі закона пра забарону «прапаганды нетрадыцыйных адносін» (ён складзены так неканкрэтна, што суды, калі ім будзе зручна, могуць караць за любую публічную згадку існавання каго-небудзь, акрамя гетэрасексуалаў, нават за прывядзенне факта пра тое, што кампазітар Пётр Чайкоўскі быў геем, а паэтка Марына Цвятаева — бісексуалкай, напрыклад). Аднак ні адсутнасць англамоўных крыніц «цытаты» Баха, ні ў цэлым абсурднасць увядзення падобнага ліміту сярод спартсменаў не перашкодзілі супрацоўнікам дзяржСМІ суседняй краіны атрымаць каментары з нагоды «выказвання» нават у парламенце. У інтэрв'ю найбуйнейшаму прапагандысцкаму рэсурсу «RT» дэпутат Барыс Пайкін нават паспеў заявіць пра прыцясненне мусульманскiх краін (пазней рэсурс выдаліў каментар са свайго сайта).
Ну а беларускія прапагандысты паказалі, што ад расiйскіх адставаць не збіраюцца. Тэму падхапіў супрацоўнік газеты адміністрацыі Лукашэнкі, суаўтар байкі пра «плот Драгуна» Сяргей Канашыц. Ён змяшаў праўдзівую навіну пра прадаўжэнне адхілення Беларусі і Расіі ад удзелу ў гульнях і хлусню наконт ЛГБТ і скляпаў матэрыял з вось такім сцвярджэннем, вынесеным у загаловак (так, у дзяржСМІ робяць поспехі ў скажэнні кантэксту нават фэйкавых паведамленняў): «Наших атлетов МОК планирует заменить на Олимпиаде (вы не поверите!) геями и лесбиянками».


У самім тэксце Канашыц не саромеўся ў выразах: на падставе «цытаты» ён заявіў, што ў МАК, «падобна, дах безнадзейна пацёк, спрэс з'ехала зязюля», у камітэце нібыта пануе «суцэльная і непрыкрытая паталагічная ілжывасць», а ў выканкаме, якi прадоўжыў бан Беларусі, нібыта «жартавалі і смяяліся, запіваючы амараў элітным «Шато Лафіт». Само рашэнне аб працягу антываеннага бана ў прачытанні прапагандыста ператварылася ў «чарговы цынічны набор шызафрэнічнай бязглуздзіцы».
Асабліва бурную рэакцыю Канашыца выклікала непасрэдна фэйкавая фраза. Запэўніўшы чытачоў, што Бах (які, нагадаем, такога наогул не казаў) «на поўным сур'ёзе заявіў» пра абавязковасць наяўнасці прадстаўнікоў ЛГБТ, прапагандыст выдаў наступнае: «Калі такіх няма — трэба змудраваць і адшукаць. Або ўласнаручна і ўрачыста вырабіць. Ну а што? Як там у прымаўцы? Адзін раз — не ####### [абразлівае найменне гея], ужык — і зноў мужык. Яны там усе, далібог, звар'яцелі». Зрэшты, нічога новага: лінія аддзялення геяў ад нейкіх «нармальных» для сістэмы людзей рэжымам практыкуецца даўно, ды і ў белспорце сітуацыя дрымучая.


У канцы тэксту Канашыц у чарговы раз запытаў, чаму ж МАК адхіляе белспорт, калі заяўляе пра свой палітычны нейтралітэт. Адносіць да гэтай сферы бамбёжкі ўкраінскіх электрастанцый у спробах прымусіць цэлую краіну змерзнуць — яшчэ адна пастаянная звычка прапаганды. Хаця для таго, каб зразумець, які першы крок патрэбны для перспектывы адмены бана, дастаткова пачуць кароткую заяву члена МАК, кіраўніка Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьяна Коу: «Усё даволі проста — прэч з Украіны».