Міжнародная федэрацыя праверыць прычыны адхілення ад спаборніцтваў беларускіх лыжніц

У аўторак Святлана Андрыюк і Дар'я Далідовіч заявілі, што іх пазбавілі магчымасці ўдзельнічаць у спаборніцтвах праз падтрымку апазіцыі.

«Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту» (FIS) пачала праверку прычын адхілення ад спаборніцтваў беларускіх лыжніц Святланы Андрыюк і Дар'і Далідовіч. Пра гэта ТАСС паведамілі ў FIS.

У аўторак Андрыюк і Далідовіч заявілі «Reuters», што іх пазбавілі магчымасці ўдзельнічаць у спаборніцтвах праз падтрымку апазіцыйных палітычных сіл у Беларусі. Спартсменкі адзначылі, што «Беларуская федэрацыя лыжных гонак» у мінулым месяцы дэактывавала іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары ў FIS, якія неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах.

«FIS пацвярджае, што коды FIS двух спартсменаў у нашай базе даных у цяперашні час адлюстроўваюцца як "неактыўныя", — гаворыцца ў заяве міжнароднай федэрацыі. — FIS звязваецца з "Беларускай федэрацыяй лыжных гонак", каб атрымаць усю інфармацыю пра згаданых спартсменаў, і прадаставіць любую новую інфармацыю па меры яе паступлення».

Святлане Андрыюк 22 гады, адсутнасць права выступаць на спаборніцтвах FIS пазбавіла яе магчымасці кваліфікавацца на Алімпійскія гульні ў Пекіне. Дар'і Далідовіч 17 гадоў, яна з'яўляецца дачкой удзельніка сямі алімпіяд Сяргея Далідовіча.

У «Беларускай федэрацыі лыжных гонак» на запыт ТАСС на момант публікацыі навіны адказу не далі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: