Яшчэ адна лыжніца заявіла пра пераслед па палітычных матывах
Ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах беларускія ўлады адхілілі лыжніцу Святлану Андрыюк.

Раней паведамлялася, што такое ж рашэнне было прынятае ў дачыненні да Дар'і Далідовіч — дачкі вядомага лыжніка Сяргея Далідовіча.
Дар'я і Святлана кажуць, што ў мінулым месяцы «Беларускі лыжны саюз» дэактываваў іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары, неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах. Гэта было зроблена нібыта па ўказанні кіраўніка «Беларускай федэрацыі лыжных гонак» Аляксандра Дараховіча, які загадаў забараніць для іх удзел у міжнародных спаборніцтвах і зборах краіны, піша «Еўрарадыё».
22-гадовая Андрыюк з гэтай прычыны была вымушаная прапусціць кваліфікацыйныя спаборніцтвы, на якіх магла атрымаць ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Пекіне. «Яны (спартыўныя чыноўнікі) даслоўна абвінавацілі мяне ў тым, што я прыхільніца апазіцыі», — кажа спартсменка.
Цяпер дзяўчына вымушаная пакінуць Беларусь і плануе з'ехаць у Польшчу.