Альтэрнатывы Мюнхену не было?
80-я ўгодкі Мюнхенскай дамовы не абышліся без заклікаў рэабілітаваць прэм’ера Невіла Чэмберлена. Таго самага, хто, аддаўшы Гітлеру Чэхаславакію, як лічыцца, даў зялёнае святло Другой сусветнай вайне.
Як вядома, Нэвіл Чэмберлен, калі ў верасні 1938 года вярнуўся з Мюнхена, ледзь не на кожным кроку любіў казаць: «Я прынёс вам мір». Натоўп рэагаваў на рэпліку прэм’ера бурнымі авацыямі. Лічылася, што Гітлер, які атрымаў паводле Мюнхенскай дамовы чэшскія Судэты, нарэшце супакоіцца. Аднак ілюзіі існавалі нядоўга. Ужо ў пачатку 1939-га, пасля анексіі нацыстамі Чэхіі, Еўропа імкліва пакацілася да Другой сусветнай вайны.
З улікам наступстваў Мюнхена, фантазія малюе нам Гітлера ў верасні 1938-га як асобу, вельмі задаволеную дамовай з Чэмберленам. Аказваецца, насамрэч усё было не так. Як распавядаў пасля вайны адзін з бонзаў Трэцяга Рэйху, пасля Мюнхена Гітлер літаральна не знаходзіў сабе месца. Ён лічыў, што «гэты стары азадак» — так ён называў Чэмберлена — банальна яго «кінуў».
Калі верыць некаторым сведкам, Гітлер напярэдадні Мюнхену марыў пра хуткі захоп усёй Чэхаславакіі. Пасля планавалася перакінуць нямецкае войска на французскую мяжу і прымусіць Парыж і Лондан прызнаць факт ліквідацыі чэхаславацкай дзяржаўнасці. Іншыя ж сведкі кажуць, што гэтая думка не пакідала фюрэра да канца жыцця. Прыкладна за пару месяцаў да смерці ён шкадаваў, што не пачаў вайну ў верасні 1938-га.
Бліцкрыг 1938-га, быццам бы, сарваў той самы Чэмберлен, які літаральна навязаў Берліну мірныя кансультацыі. Прычым прэм’ер дзейнічаў так не таму, што хацеў узняць свой рэйтынг. Ён сыходзіў з дакладаў Генштабу і спецслужбаў, якія адкрыта пісалі: вынікам хуткага канфлікту з Германіяй будзе крах Брытанскай імперыі.
Максімум, што мог зрабіць Лондан у выпадку вайны — даслаць на дапамогу Празе два дывізіёны, якія, натуральна, не маглі вырашыць ход усёй кампаніі. З іншага боку, існавалі сумневы: ці падтрымаюць брытанскія дамініёны ідэю вайны за Чэхаславакію. Нават брытанцы не мелі вялікага жадання ваяваць з нацыстамі, антыгуманістычная сутнасць ідэалогіі якіх яшчэ сябе цалкам не праявіла. Лічылася, што нямецкія фашысты — аналаг італьянскіх. Тыя, асабліва іх правадыр Мусаліні, зарэкамендавалі сябе на той час як нейкія клоуны-дэмагогі. Толькі пасля Крыштальнай Ночы — яўрэйскага пагрому ў Германіі ў лістападзе 1938-га — нямецкі фашызм стаў успрымацца як выклік еўрапейскай цывілізацыі.
Вайна з Германіяй увосень 1938-га пагражала Брытаніі дыпламатычнай ізаляцыяй. Амерыка на той час трымалася нейтралітэту. Савецкі Саюз таксама не меў жадання дапамагаць Лондану. Хутчэй, наадварот: Сталін, скарыстаўшыся момантам, «аджаў» бы Латвію і Эстонію, якія ўваходзілі ў сферу брытанскага ўплыву.
Не было ў Чэмберлена асаблівай надзеі на войска Францыі. Па той бок Ла-Маншу панавала сапраўдная палітычныя анархія, калі Кабміны знаходзіліся пры ўладзе ў сярэднім каля дзевяці месяцаў. Падзеі вясны 1940-га, калі немцы за некалькі тыдняў прымусілі французаў капітуляваць, пацвердзілі хваляванні Чэмберлена наконт вайсковай здольнасці Парыжу. Такім чынам, у выпадку вайны Англія павінна была рыхтавацца ў адзіноце супрацьстаяць Германіі, якая мела больш рэсурсаў для доўгатэрміновай вайны.
Як бачым, хапае шмат рэзонаў прызнаць Чэмберлена не палітыкам-лузерам, а архітэктарам перамогі над Гітлерам. Гэта не кажучы пра тое, што літаральна за год ён здолеў моцна мадэрнізаваць брытанскія вайсковыя сілы: наладзіў выпуск самалётаў, пабудаваў сістэму радараў і гэтак далей.
Аднак версія пра тое, што ў Мюнхене Чэмберлен стратэгічна перамог Гітлера, не стала мейнстрымам гістарычнай думкі. Самі аматары Чэмберлена тлумачаць гэта ў тым ліку змовай аматараў Уінстана Чэрчыля, які ў 1930-я гады крытыкаваў палітыку Чэмберлена на супакаенне Гітлера. На Захадзе даўно склаўся культ Чэрчыля, што сімвалізуе супраціў нацызму і камунізму. Важным элементам гэтага міфу з’яўляецца гісторыя, як Чэрчыль у 1940-м узначаліў краіну, прыйшоўшы на змену слабаму прэм’еру, што прайграў першы этап вайны, і ў дадатак даў Гітлеру падмануць сябе ў Мюнхене. Змяніць імідж Чэмберлена — значыць, прынізіць статус Чэрчыля.
Цяжка сказаць, ці існуе змова фанатаў Чэрчыля. Але на сайтах, якія прысвечаны спадчыне сэра Уінстана, сапраўды, хапае тэкстаў супраць спробаў рэвізіі трактоўкі Мюнхена. На думку іх аўтараў, у верасні 1938 года заходнія саюзнікі маглі адносна лёгка перамагчы Вермахт, які саступаў ім па ўсіх катэгорыях: авіяцыя, жаўнеры, тэхніка. Не кажучы пра тое, што ў самой нямецкай палітычнай эліце на той час хапала крытыкаў нацызму. У той час у гэтых колах нават абмяркоўвалася ідэя антыгітлераўскага путчу. Сама Германія ў эканамічным плане была вельмі слабай для паўнавартаснай вайны.
Аднак, напэўна, галоўная перашкода рэабілітацыі Чэмберлена — не падступнасць сімпатызантаў Чэрчыля або нават іх аргументы. Сама думка пра тое, што можна было так проста ахвяраваць Чэхаславакіяй, і здаць яе нацыстам, дасюль не ўкладваецца еўрапейцам у галовы.