Абараніць Хэль

Увесну 1939 года стала зразумела, што ваяваць Польшчы давядзецца з суседам на Захадзе. Пачалася мабілізацыя найбольш баяздольных падраздзяленняў польскага Корпуса аховы памежжа. Яна закранула і памежнікаў з Заходняй Беларусі.

zaunery_kap_paslja_kapituljacyi_logo.jpg

Жаўнеры КАП пасля капітуляцыі
Падчас прыхаванай і ўсеагульнай мабілізацыі 1939 года значная частка польскіх войскаў з тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай была перадыслакаваная на Захад. Сярод іншых тэрыторыю Заходняй Беларусі пакінулі і падраздзяленні батальёна Корпуса аховы памежжа «Сінкевічы», якія ў міжваенны час ахоўвалі мяжу з БССР. Польскіх памежнікаў накіравалі на балтыйскае ўзбярэжжа.

Батальённыя казармы Сінкевічы

Батальённыя казармы Сінкевічы


Памежнікі з беларускага Палесся

Гісторыя гэтага вайсковага злучэння пачынаецца ў 1925 годзе, калі ў складзе КАП быў сфарміраваны 16-ты памежны батальён. Папаўненне для новай часткі бралі з 84-га палескага палка з Пінска. Штаб памежнай часткі знаходзіўся ў вёсцы Сінкевічы, на Лунінеччыне.

Жаўнеры КАП

Жаўнеры КАП

Пазней, у 1929 годзе, гэты батальён атрымаў назву мясцовасці, у якой знаходзіўся. Яго жаўнеры ахоўвалі ўчастак польска-савецкай мяжы на тэрыторыі Палескага ваяводства Другой Рэчы Паспалітай працягласцю ў 87 кіламетраў. У міжваенны час памежнікі батальёна мелі на ўзбраенні 838 вінтовак «Маўзер», 49 ручных кулямётаў «Бергман» і 8 станковых «Максімаў». У сярэдзіне 1930-х гадоў гэта вайсковае падраздзяленне складалася са штаба, узвода сувязі, кулямётнай роты, тылавой роты і трох памежных ротаў. У 1937 годзе батальён стаў адміністратыўнай часткай брыгады КАП «Палессе».

Увесну 1939 года стала зразумела, што, хутчэй за ўсё, ваяваць Польшчы давядзецца з суседам на Захадзе. У сувязі з гэтым пачалася мабілізацыя найбольш баяздольных падраздзяленняў польскага Корпуса аховы памежжа і перадыслакацыя іх у цэнтральныя і заходнія раёны Польшчы. Мабілізацыя закранула і батальён «Сінкевічы». Яго тылавая і кулямётная роты былі накіраваны на Хэльскі паўвостраў, дзе пачаў фарміравацца батальён КАП «Хэль», які павінен быў заняць абарону ва ўмацаваным раёне.

Жаўнеры КАП з Палесся

Жаўнеры КАП з Палесся


На Балтыцы

Акрамя памежнікаў з Заходняй Беларусі ў склад новай часткі на Хэле ўвайшлі і «капісты» з памежнага палка «Сарны», які да гэтага моманту ахоўваў польска-савецкую мяжу ў Заходняй Украіне. Камандзірам батальёна «Хэль» стаў маёр Ян Вішнеўскі. Раней гэты афіцэр стаяў на чале батальёна КАП «Давыд-Гарадок».

Памежнікі з Усходу пачалі рыхтаваць абарончыя пазіцыі. Частка жаўнераў новага падраздзялення занялі пазіцыі ў раёне порта Ястарня, іншыя ўзмацніліся ля вілы «Рыўера». Штаб батальёна размясціўся на чыгуначнай станцыі Хэль. Падчас знаходжання на Балтыцы ў шэрагі памежнікаў улілося некалькі ротаў рэзервістаў. «Капісты» занялі чатыры ДАКі ў перадполлі Ястарні. На беразе рабіліся пазіцыі, узмоцненыя кулямётамі.

Жаўнеры верасня 1939 г. Рэканструкцыя

Жаўнеры верасня 1939 г. Рэканструкцыя

Пачатак вайны амаль не крануў абаронцаў Хэля. Толькі ў другой дэкадзе верасня 1939 года нацысты ўсталі перад праблемай знішчэння польскай абароны на паўвостраве. Нямецкае камандаванне планавала з дапамогай авіяцыі і ВМФ ліквідаваць польскую берагавую батарэю і стварыць магчымасць для арганізацыі дэсанту. Пасля знішчэння польскіх агнявых пазіцый нямецкія марпехі і пяхота павінны былі давяршыць разгром польскіх сілаў.

21 верасня 1939 года паўвостраў пачалі абстрэльваць з Гданьскай бухты нямецкія крэйсеры «Шлезвіг-Гальштэйн» і «Сілезія». У гэты час Люфтвафэ разбамбіла вёску Кузніца, якая знаходзіліся ў тым раёне. Для цывільнага насельніцтва пачалося сапраўднае пекла на зямлі. Шмат хто не вытрымаў і вывесіў на сваіх хатах белыя сцягі. А вось гарнізон Хэля працягваў трымаць пазіцыі. У сувязі з гэтым 25 верасня 1939 года нямецкі контрадмірал Хуберт Шмунд загадаў караблям падысці шчыльна да паўвострава і расстраляць польскія пазіцыі прамой наводкай. Аднак памежнікі з Палесся не толькі вытрымалі, але і адказалі агнём са сваіх гармат. Выбухі на нямецкіх караблях натхнялі абаронцаў. Аднак сітуацыя была цяжкай. Не хапала правіянту, амуніцыі. Вялікай праблемай была дэмаралізацыя мясцовага насельніцтва, частка якога патрабавала ад польскіх вайскоўцаў спыніць баявыя дзеянні.

Пуцкі заліў. Нашыя дні

Пуцкі заліў. Нашыя дні


28 верасня 1939 года была праведзеная нарада камандзіраў польскага гарнізона, на якой адбылася жорсткая дыскусія. Частка афіцэраў адзначала, што далейшая абарона бесперспектыўная. Аднак камандзіры памежнага батальёна выступалі за працяг барацьбы. Урэшце польскія абаронцы вырашылі біцца да апошняга. Уся пяхота хэльскага гарнізона была падпарадкаваная камандзіру батальёна КАП «Хэль» Яну Вісьнеўскаму.

Тым часам немцы пачалі наземную аперацыю. На польскіх абаронцаў наступалі часткі 374-га пяхотнага палка, а таксама артылерыйскія падраздзяленні 207-й пяхотнай дывізіі. 29 верасня нацысты занялі плацдарм ля Вялікай вёскі. Пры гэтым немцы размініравалі Пуцкую затоку і падрыхтавалі новы плацдарм для высадкі. Аднак польскія памежнікі і маракі працягвалі біцца. Гэта прымушала немцаў засыпаць паўвостраў не толькі бомбамі, але і ўлёткамі.

Польскі марак 1939 г. Рэканструкцыя

Польскі марак 1939 г. Рэканструкцыя

30 верасня немцы пачалі наступ. 10-я рота КАП панесла вялікія страты і вымушана была адступіць на другую лінію акопаў. Падраздзяленні вермахта працягвалі рухацца наперад і выбілі памежнікаў і адтуль. У гэты момант маёр Ян Вісьнеўскі прыняў рашэнне ўзарваць мінную загароду, якая аддзяляла польскія пазіцыі ад жаўнераў вермахта. Выбух забіў шмат ворагаў, а немцы вымушаныя былі перайсці да абароны.

1 кастрычніка 1939 года падраздзяленні 374-га нямецкага пяхотнага палка пачалі генеральны наступ. Каля 10-й гадзіны агонь спыніўся і адбылася сустрэча парламенцёраў. Увечары таго ж дня ў «Гранд-гатэлі» ў Сопаце польскае камандаванне хэльскім гарнізонам падпісала капітуляцыю. 2 кастрычніка ў порце Хэля высадзілася нямецкая пяхота. Памежнікі КАП, якія яшчэ за год да гэтага ахоўвалі польска-савецкую мяжу, у першыя дні вайны аказаліся ў незвычайных для сябе ўмовах. Аднак яны змагаліся да апошняга і капітулявалі толькі тады, калі ўжо амаль уся тэрыторыя Другой Рэчы Паспалітай была акупавана нямецкімі і савецкімі войскамі.

Варта зазначыць, што Варшаву немцы ўзялі яшчэ 27 верасня…

Жаўнеры КАП пасля капітуляцыі

Жаўнеры КАП пасля капітуляцыі


Што адбывалася на «рыжскім кардоне»?

Пакуль частка «капістаў» з батальёна «Сінкевічы» ў эшалоне ехала на далёкую Балтыку, у гарнізоне на Палессі ішла мабілізацыя прыпіснога складу. Рэзервістам выдавалі зброю, уніформу — і накіроўвалі на стражніцы. Для іх Другая сусветная вайна пачалася 17 верасня, калі Чырвоная Армія атакавала падраздзяленні КАП і ўварвалася на тэрыторыю Польшчы. Супраць памежнікаў з батальёна «Сінкевічы» дзейнічалі падраздзяленні 17-га і 18-га памежных атрадаў НКУС СССР. У 7 гадзін раніцы чырвонаармейцы знішчылі стражніцы «Яськовічы» і «Морач». Падчас тых баёў у савецкі палон трапіў камроты, капітан Казімеж Грабоўскі. У 1940 годзе ён будзе расстраляны НКУС у Катыні.

Былі знішчаныя стражніцы роты «Пешчанкі», а гарнізоны застаў, якія ўваходзілі ў роту «Ленін», паспелі адысці на Захад. Апошняе было звязана з тым, што падраздзяленні 18-га памежнага атрада, якія павінны былі атакаваць польскіх памежнікаў, не паспелі правесці канцэнтрацыю для ўдару з-за адсутнасці плаўсродкаў і не ажыццявілі наступ. 20 верасня ў раёне ракі Піны падраздзяленні батальёна «Сінкевічы» ўступілі ў бой супраць 205-га стралковага палка Чырвонай Арміі і падтрымалі адыходзячыя на захад падраздзяленні батальёнаў КАП «Клецк» і «Людвікава». Памежнікі з Палесся працягвалі баявыя дзеянні да моманту капітуляцыі.

Ігар Мельнікаў у форме польскага марака ля самалёта. Пуцкі заліў. Рэканструкцыя

Ігар Мельнікаў у форме польскага марака ля самалёта. Пуцкі заліў. Рэканструкцыя

P.S. Аўтар артыкула цяпер праводзіць збор сродкаў на выданне альбома «Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава». Новае выданне — гэта больш за 200 старонак фармату А4, на якіх будуць апублікаваныя больш за 600 здымкаў.

Падтрымаць выданне кнігі можна тут 


Фота з архіву Ігара Мельнікава