Бард Алег Сухараў: «Тысячы забітых, мільёны бежанцаў… такі наш кошт свабоды»

Як украінцам зараз бачацца падзеі гадавой даўніны — расстрэлы на Інстытуцкай, перамога Рэвалюцыі Годнасці, анексія Крыму? У такіх выпадках слова звычайна бяруць палітыкі, але «Белсат» распытаў музыку.



img_7705_1_article_big.jpg

Алег Сухараў не ўпершыню ў Беларусі. Горадня, Менск, Магілёў, Вілейка… — усё гэта звыклыя для вуха спевака назвы. Недзе, каб паслухаць музыку ў стылі бард-рок збіраюцца залі, недзе — кватэрнікі, што дастаткова для акустычнай праграмы. У гэтым годзе сваю вандроўку па Беларусі Алег пачаў з Горадні, дзе выступіў у галерэі «Крыга».

З абодвума сваімі праектамі — «Самі Свої» і «Гречка є» — Алег выступаў са сцэны Майдану прыкладна год таму, хоць, як сам прызнаецца, ісці напачатку наагул не збіраўся і крытычна ставіўся да чарговых вулічных пратэстаў.

Пра наступствы Рэвалюцыі Годнасці, рэформы, вайну, расейцаў і ўкраінскую мову «Белсат» распытаўся ў сённяшняга ўкраінскага госця.

— Мінае год ад расстрэлаў на Майдане і Рэвалюцыі Годнасці. Што ты адчуваеш напярэдадні такой даты?

— Калі толькі пачаўся Майдан, першае збіццё студэнтаў, я акурат быў у Расіі на гастролях, пасля ў Беларусі. Не маючы змогі нават зайсці нармальна ў інтэрнэт, я яшчэ не мог разабрацца што да чаго. Разумееш, пасля Памаранчавай рэвалюцыі ў вялікай колькасці ўкраінцаў быў скепсіс адносна магчымасці абараніць на Майдане сваю годнасць. Але так атрымалася, што Януковіч сваімі дзеяннямі за тры гады зноўку падняў украінскі народ на паўстанне.

Што я магу сказаць праз год? Безумоўна, я ганаруся ўкраінскім народам, які паўстаў і скінуў тырана. Нягледзячы нават на тое, што ў выніку мы атрымалі анексію Крыму і вайну на Данбасе. Нехта і зараз спрабуе рабіць такія закіды, маўляў, «вось да чаго давёў ваш Майдан…» Але гэта частка несвядомых людзей, якія больш думаюць пра каўбасу, чым пра свабоду.

— Што ты можаш адказаць такім людзям?

— Ты ведаеш, можа гэта мой такі характар, але я з такімі людзьмі ў дыскусію не ўступаю. Калі чалавек за год не зразумеў, што адбываецца, дык пра што размаўляць?

Перад тым, як пачаліся расстрэлы на Майдане, Януковіч узяў у Расіі вялізны крэдыт, здаецца, 17 мільярдаў. Гэтыя грошы б раскралі, як раскрадаліся заўжды, і Крым адышоў бы ўсё адно да Расіі. Мажліва, як аўтаномія спачатку… але ўсё адно б забралі.

Так, зараз лік забітых дасягнуў тысяч, хоць пачыналася ўсё з Нябеснай сотні. Дзесяць тысяч параненых. Мільёны бежанцаў… Такі наш кошт за свабоду.

— Як лічыш, чаму шалёны ціск уладаў, выкраданні, расстрэлы не зламілі Майдан?

— Пасля 19 студзеня, расстрэлаў на Вадохрышча, пачаўся надзвычай складаны перыяд на Майдане і людзі пачалі ехаць з усёй Украіны. Мы тады заходзілі ў Палац Прафсаюзаў, размаўлялі з камендантамі Майдану. Нам распавядалі, як на жытомірскай трасе ДАІ спыняла машыны тых, хто ехаў у Кіеў і людзі ішлі пешкі, уяўляеш?

Чым большы быў ціск уладаў, тым большым быў адказ людзей. Пабілі студэнтаў, а на наступны дзень выйшлі дзясяткі тысяч. Тыя ж законы 16 студзеня — «дыктатарскія законы» — я не разумею, каму яны былі патрэбныя падчас такой напружанай сітуацыі. То бок, як толькі атмасфера астывала, улады самі падлівалі масла ў агонь!

belsat.eu__media_uploads_i_69b1763a15239eb070c9f9092494ef80.html

— Адкуль людзі ведалі, чаму ішлі?

— Я лічу вялікім дасягненнем нашай журналістыкі, што ўвесь Майдан трансляваўся анлайн — 5-ы канал, 100+, Еспресо, Громадське, Спільне ТВ і г.д. То бок калі я бачу а 4-й ночы, што на Грушэўскага прарываюць барыкаду, у мяне няма пытанняў, што адбываецца і як — я ўсё бачу, лічы, на свае вочы.
Адчуваўся дух самаахвярнасці. Гэта і дзяўчаты маладзенькія, якія былі медыкамі, і выцягвалі параненых з-пад куляў. І хлопцы, якія кідалі шыны ў агонь, лезлі самі і ў полымя, і пад халодную ваду з вадамётаў. Гэта ж гераізм, калі б’юць з вадамётаў, а хлопец вылазіць на барыкаду, скідае вопратку і паказвае рукой трызуб. Гэта азнака сілы духу.

— Табе як музыку прафесійнае пытанне: творчая асоба мае нейкі абавязак перад народам ці гэта патрыятычная казка з ХІХ ст., як лічыш?

— Так, падчас Майдану мне званілі і пісалі ў сацсетках, пыталіся «што рабіць?», калі ніхто не ведаў, што рабіць. Але ў такі час паўстае пытанне пра тваю адказнасць за чыёсьці жыццё. Скажаш: «так, трэба ісці!», чалавек пойдзе і яго там застрэляць… Я не бяру на сябе такую адказнасць. Ёсць мая творчасць і кола слухачоў, а ёсць я як чалавек і таксама частка гэтагасоцыюму. Той жа Вакарчук максімальна праявіў сваю актыўнасць, і выступаў, і спяваў, і ездзіў чытаў лекцыі… Да кагосьці больш прыслухоўваюцца, да кагосьці менш. Я, напрыклад, магу персанальна сказаць як я лічу, ісці ці не ісці.
 

А пра тое, што Украіну трэба бараніць, ужо няма аніякай дыскусіі, што тут казаць?

— Зараз зразумела, што гэтым трэба займацца ўвесь час, а не разава. Прайшоў гэты момант рамантыкі, калі думалася, што ўсе перашкоды можна адолець адным рыўком. Зробім яшчэ штосьці — і ўсё будзе добра. Не, так не будзе. Бо вораг таксама не адпачывае ані хвіліны.

belsat.eu__media_uploads_i_7528d04461e04af60c59184a1e75d2bb.html

  • belsat.eu__media_uploads_i_d176e59070b2a0923d86e5a911c321a0.html

    — Пасля Майдану-2004 быў скепсіс таксама і з-за адсутнасці рэальных зменаў у выніку рэвалюцыі. Ці адчуваюцца рэальныя змены зараз?

    — На жаль, не. Год ужо мінуў, а сярод людзей расце новы скепсіс. Шмат кажацца пра «новы майдан», маўляў, салдаты вярнуцца з фронту і пойдуць на Кіеў скідаць уладу. З іншага боку кажуць, што варта пачакаць. Зацягнуць паясы. Але зацягнуць не на год, а на гадоў пяць. Патрэбныя рэформы, акурат імі можна падтрымаць той патрыятычны запал, які ўзнік на хвалі Рэвалюцыі Годнасці. Бо калі, напрыклад, салдаты ваююць, а пасля ім кажуць, што яны «не ваявалі» альбо «вы ніхто, вас там не было», дык хто захоча ісці на новую мабілізацыю?

    Я акурат вяртаюся з Беларусі бліжэй 20 лютага, пайду на Майдан на «Веча». Хачу пачуць, што нам скажуць, бо я лічу, што там павінен быць і прэзідэнт, і іншыя першыя асобы краіны, каб справаздачыцца перад народам. Я разумею, што на час іх праўлення выпаў самы цяжкі перыяд за гады існавання незалежнай Украіны, але маюць быць змены — хоць на йоту! Карупцыя як была, так і засталася.

    — За расстрэл Майдану так ніхто і не пакараны. Люстрацыі не адбылося… Але нешта робіцца?

    — Робіцца, але павольна. Напрыклад, ліквідуюць ДАІ, згодна грузінскаму досведу. Будзе замест яе патрульная паліцыя, куды не так лёгка трапіць. З’яўляецца надзея, што міліцыя — гэта будзе нейкая дапамога. Орган, куды можна звярнуцца. А не як раней, калі ты прыходзіш у міліцыю па дапамогу, а ў цябе найперш пытаюцца: «Дзе ты працуеш?»

    belsat.eu__media_uploads_i_923b5a65e2f677b5e761eedeca9a061b.html

    — Ты паходзіш з Правабярэжнай, спяваеш і гаворыш па-ўкраінску. Ці ёсць рэальны канфлікт паміж украінамоўным Захадам і расейскамоўным Усходам?

    — Раней, каб чалавеку паказаць сябе свядомым, трэба было даводзіць, што ты нацыяналіст. А зараз — дастаткова наўпрост быць украінцам. Дастаткова быць за Украіну. Вельмі шмат расейскамоўных за Украіну. Няма ў нас такога: калі гаворыш па-ўкраінску, то ты патрыёт, а як па-расейску, то не. Чалавек можа і па-ўкраінску размаўляць і не быць патрыётам.

    — Наколькі істотным фактарам стаў валанцёрскі рух зараз?

    — Валанцёрскі рух на дапамогу войску зараз проста шалёны. Я ўпэўнены, што каб не валанцёры, то мы б не выстаялі, бо дзяржава надзвычай слабая. Бо пасля Майдану ніхто не ведаў, што і як рабіць, а тут раз — і Крым згубілі. Вайна пачалася… Я некалькі разоў прымаў удзел у канцэртах па зборы грошаў на АТО. Быў спачатку канцэрт на падтрымку палка, які пераехаў з Феадосіі ва Украіну, пасля анексіі. Зараз, як вярнуся, маю прыехаць таксама на дабрачынны канцэрт, бо запрашалі. Ёсць у планах праехаць трошкі па частках, паспяваць для хлопцаў.

    — Размовы пра «наступны майдан» маюць пад сабой падставы?

    — Мы звыкліся жыць адным днём апошнім часам. Пражылі дзень — і дзякуй Богу. Ніхто нічога не ведае. У людзей дэпрэсія, шмат страху, неразумення — адсюль і размовы. Мая асабістая думка: мы зараз на «трэці майдан» з сотнямі тысяч людзей на вуліцах не маем права. Так мы толькі аслабім і без таго слабую краіну. Аслабіцца лінія фронту і вораг пойдзе далей. Пры гэтым грамадскія арганізацыі і палітычныя дзеячы маюць ціснуць на ўладу. Пасля Майдану яны маюць сілу і аўтарытэт. Бо, ясна, трэба зацягваць паясы, але крэдыты бяруцца і бяруцца. А пад што? Пад рэформы, а не пад тое, каб пенсіі сплочваць. І людзі пра гэта ведаюць!

    — То бок на чарговы майдан, ты б не пайшоў?

    — Я не збіраўся і на гэты ісці (смяецца). Але пайшоў — калі ўбачыў, што гэта ўжо гайкі.

    А кагосьці з палітыкаў падтрымліваеш?

    — Я не ўлажу ў палітыку, ведаеш, я бачу па факце. Бачу рэакцыю людзей.
    Шмат што неадназначна зараз у палітычным сектары. Адназначна тое, што ідзе вайна. Расея напала на Украіну. Смешна думаць, што ўсе гэтыя «грады» і «ураганы» сепаратысты набылі ў крамах. У мяне сябры зараз на фронце, яны распавядаюць, што вельмі шмат расейскіх палонных. Сепаратыстаў з самога Данбасу ўжо альбо пазабівалі, альбо паразбягаліся, ваююць расейцы збольшага.

    — Рабіць прагнозы зараз справа няўдзячная, але можа паспрабуеш?

    — Я не магу нічога прагназаваць, нават сваё жыццё і дзейнасць. Прызначаныя, напрыклад, нейкія канцэрты, але вось адбудзецца чарговая трагедыя на ўсходзе, пасля дзень памяці… У нас за гэты год ужо столькі дзён памяці! Гэтыя знічкі ў кутках экрана на тэлеканалах толькі і гараць! Уключыў, гарыць. Значыць зноў нешта сталася… Як не Ілавайскі кацёл, дык расстрэл уВалнавасе. Пасля Дэбальцава... Кожны дзень нешта адбываецца.

    — Ці змянілася тваё стаўленне да расейцаў?

    — Я шмат выступаў там апошнія два гады, яшчэ перад гэтымі падзеямі. І ў Пецярбурзе, і ў Маскве, і ў Варонежы, і ў Туле. У Старым Асколе — гэта каля мяжы акурат — людзі на канцэрт у вышыванках прыходзілі. Калі б не ўсё гэта, можна было б развіваць Расею ў плане канцэртаў. Але 14-ы год усё крута змяніў.

    З кімсьці са знаёмых я проста перастаў камунікаваць. Нехта трымаецца пазіцыі: «А я нічога не ведаю, нічога не чуў». Зараз адна знаёмая з Піцера, даведаўшыся, што я ў Беларусі, запрашала да сябе. Але я лічу, што не маю маральнага права выступаць на тэрыторыі краіны-агрэсара.

    Мяркую, што гэтая вайна сяброўства паміж украінцамі і расейцамі гадоў на 150 закансервуе. Вельмі цяжка будзе ўкраінцам прабачыць.

    belsat.eu