СБУ: снайперамі на Майдане кіраваў памочнік Пуціна Суркоў
Аб гэтым кіраўнік СБУ заявіў у эфіры тэлеканала «1+1», перадае Еспресо.TV.

Налівайчанка паведаміў, што гэтую інфармацыю на допытах паведамілі супрацоўнікі спецпадраздзялення СБУ «Альфа».
«Яны далі канкрэтныя сведчанні пра месцазнаходжанне замежных снайперскіх груп, якія цалялі і ў мітынгоўцаў... і ў супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў», — сказаў ён.
Налівайчанка падкрэсліў, што ў праваахоўнікаў ёсць дакументальнае пацверджанне іх супрацьпраўнай дзейнасці ва Украіне.
«У рамках гэтай справы ёсць пасады, прозвішчы, копіі пашпартоў, даты іх ўезду-выезду, якой сувяззю яны карысталіся, у якіх памяшканнях знаходзіліся, як дарадца прэзідэнта Пуціна Суркоў імі кіраваў у Кіеве...», — сказаў ён.
Налівайчанка таксама адзначыў, што тры групы супрацоўнікаў Федэральнай службы бяспекі Расіі прыязджалі ў Кіеў у снежні 2013 — лютым 2014 году і ажыццяўлялі арганізацыю і планаванне разгону актывістаў Еўрамайдану.
Акрамя таго, ён падкрэсліў, што вялікая колькасць міліцыянтаў і супрацоўнікаў СБУ апынуліся здраднікамі і супрацоўнікамі замежных спецслужбаў.
У прыватнасці, былы кіраўнік СБУ ў Крыме Пётр Зіма аказаўся супрацоўнікам ФСБ і дапамагаў Расеі здзяйсняць анексію паўвострава.
Усяго ў цяперашні час у дзяржаўнай здрадзе падазраюцца каля 100 былых супрацоўнікаў СБУ, 10 з якіх арыштаваныя.
* * *
Ва Украіне сёння адзначаюць Дзень герояў Нябеснай сотні ў памяць аб палеглых год таму пры разгоне акцый пратэсту ў цэнтры Кіева.
Ахвярамі супрацьстаяння прыхільнікаў Еўрамайдану з падкантрольнымі тагачасным уладам спецслужбамі ў лютым 2014 сталі больш за сто чалавек. Самым крывавым днём стала 20 лютага, калі ад куль снайпераў на вуліцы Інстытуцкай загінулі больш за 40 чалавек.