«Газпром» пачаў пастаўляць газ у «ДНР» і «ЛНР», а рахунак выставіць «Нафтагазу»

«Газпром» з 16 гадзінаў па маскоўскім часе 19 лютага пачаў пастаўляць на паўднёвы ўсход Украіны 12 млн. кубаметраў газу ў суткі праз газавымяральныя станцыі «Прохараўка» і «Платава».



gaziki.jpg

Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер, перадае ТАСС.

«Згодна з дзеючым паміж «Газпромам» і «Нафтагазам Украіны» кантрактам куплі-продажу газу, з 16.00 19 лютага 2015 года «Газпром» пастаўляе газ ва Украіну, у тым ліку праз газавымяральную станцыю «Прохараўка» і «Платава», у аб’ёме 12 млн. кубаметраў у суткі», — сказаў ён.

Як пішуць «Ведамасці», па бягучай цане газу для «Нафтагаза» $330 за 1000 куб. м. Газ, які пастаўляецца ў «ДНР» і «ЛНР» будзе абыходзіцца Украіне амаль у $4 млн. у суткі.

Прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў сказаў, што гаворка ідзе аб дадатковых пастаўках газу Украіне. Раней пастаўлялася 30 млн. куб. м у суткі, цяпер — 42 млн. куб. м у суткі, сказаў ён. Пры гэтым Купрыянаў не ўдакладніў, ці ўзгоднена гэта з «Нафтагазам».

Нагадаем, прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў сёння загадаў Мінэнерга і «Газпрому» падрыхтаваць прапановы па гуманітарных пастаўках газу ў паўднёва-ўсходнія рэгіёны Украіны.

У сваю чаргу прэс-сакратар прэм’ер-міністра Наталля Цімакова патлумачыла: «Пастаўкі газу на паўднёвы ўсход Украіны ў якасці гуманітарнай дапамогі будуць ажыццяўляцца «Газпромам» на камерцыйнай аснове. Крыніцы фінансавання вызначаюцца».

Разам з тым крыніца, знаёмая з сітуацыяй, выказаў здагадку, што, магчыма, гаворка пойдзе пра крэдыт або будзе падабраны іншы варыянт фінансавання паставак.

Як паведамляў УНІАН, НАК «Нафтагаз Украіны» з 18 лютага 2015 года спыніў пастаўкі прыроднага газу ў зону правядзення антытэрарыстычнай аперацыі праз шматлікія пашкоджанні прарасійскімі баявікамі газатранспартнай інфраструктуры.