Bellingcat назваў імёны данецкіх сепаратыстаў, што, магчыма, маюць дачыненне да катастрофы MH17

Даследчая група Bellingcat назвала імёны данецкіх сепаратыстаў, якія маюць дачыненне да дастаўкі на ўсход Украіны «Бука», з якога 17 чэрвеня 2014 года быў збіты пасажырскі «Боінг-777» рэйса MH17.

Ігар Гіркін. Фота: Сяргей Карпухін / Reuters / Scanpix / LETA

Ігар Гіркін. Фота: Сяргей Карпухін / Reuters / Scanpix / LETA

Падазраваныя былі ідэнтыфікаваныя на падставе запісаў больш за 150 тысяч тэлефонных перамоваў сепаратыстаў з расійскімі ваеннымі, перахопленых Службай бяспекі Украіны. Раней Bellingcat і Аб'яднаная следчая група, якая займаецца расследаваннем авіякатастрофы, прыйшлі да высновы, што «Бук» належаў 53-й зенітнай ракетнай брыгадзе СПА, дыслакаванай у Курску.

Ігар Гіркін (Стралкоў, «Стралок»), былы міністр абароны ДНР

Раніцай 18 чэрвеня, на наступны дзень пасля катастрофы «Боінга», абмяркоўваў па тэлефоне вяртанне ракетнай устаноўкі «Бук» на тэрыторыю Расіі. Усе сепаратысты, якія маюць дачыненне да запуску ракеты з «Бука», былі ягонымі падначаленымі, такім чынам, сцвярджае Bellingcat, ён быў у курсе ўсіх дэталяў аперацыі.


ГВУ ДНР

Служба ваеннай выведкі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Bellingcat лічыць, што гэтая структура цалкам або часткова кантралюецца расійскім ГВУ.

Сяргей «Хмурны» Дубінскі

Кіраўнік ГВУ ДНР. Па дадзеных расследвальнікаў, менавіта Дубінскі папрасіў даставіць «Бук» на ўсход Украіны для дапамогі сепаратыстам. Па дадзеных Bellingcat, яго група, «магчыма, адыграла ключавую ролю ў прыняцці рашэння збіць" Боінг " — мяркуючы, што гэта варожы самалёт».

Алег Юлдашавіч Пулатаў, пазыўныя «Гюрза» і «Халіф»

Былы расійскі вайсковец з Ульянаўска, падначалены Дубінскага, начальнік другога дэпартамента ГВУ ДНР.


Леанід Уладзіміравіч Харчанка, пазыўны «Крот»

Начальнік разведвальнага батальёна «Крот» другога дэпартамента ГРУ ДНР, да гэтага — камандзір гарнізона ва ўкраінскім горадзе Канстанцінаўка.

Эдуард Машутавіч Гілазаў, пазыўны «Разань»

Камандзір першай разведвальнай роты батальёна «Крот», падначалены Харчанка. лічыцца зніклым без вестак з ліпеня 2015 года.

Алег Анатольевіч Шарп, пазыўны «Змей»

Камандзір узвода разведроты батальёна «Крот», загінуў у лістападзе 2014 года. Хутчэй за ўсё, прысутнічаў пры запуску ракеты з «Бука».

Група Безлера

Улетку 2014 года кантралявала раён вакол Горлаўкі. Верагодна, яна выявіла рэйс MH17 і паведаміла пра гэта вайскоўцам, у якіх быў «Бук».

Ігар Мікалаевіч Безлер, пазыўны «Бес»

Былы афіцэр ГВУ. У перамовах, перахопленых Службай бяспекі Украіны, паведамляе аб збітым самалёце супрацоўніку расійскага ГВУ Васілю Гераніну. Безлер сцвярджаў, што гэтая размова на самай справе адбылася за дзень да катастрофы, але ўдзельнікі Bellingcat прыйшлі да высновы, што гэта не так.

Сяргей Сяргеевіч Паваляеў, пазыўны «Боцман»

Намеснік камандзіра групы Безлера, верагодна, афіцэр спецназа ГВУ, памёр ад пнеўманіі ў Расіі ў студзені 2016 года. Неўзабаве пасля катастрофы «Боінга» гаварыў па тэлефоне з Сяргеем Дубінскім. Дубінскі паведаміў яму, што раніцай атрымаў «Бук» і з яго ўжо збілі «Сушку» (самалёт Су).

Валерый Аляксандравіч Стэльмах, пазыўны «Найміт» і «Баця»

Падначалены Безлера. Дакладваў яму пра выяўленне MH17 за некалькі хвілін да катастрофы. Безлер загадаў перадаць паведамленне «наверх», верагодна, у ГВУ ДНР, якое мела сувязь з экіпажам «Бука».


Ігар Іванавіч Украінец, пазыўны «Мінёр»

Падначалены Безлера, камандзір атрада мінёраў. Безлер згадваў яго імя ў адной з гутарак, перахопленых СБУ. У Bellingcat няма дакладнай інфармацыі аб дачыненні Украінца да катастрофы «Боінга».

Батальён «Усход»

Адно з найбуйнейшых узброеных фармаванняў сепаратыстаў, месціцца ў Данецку. Батальён дапамагаў у транспарціроўцы «Бука» у Данецк.

Аляксандр Сяргеевіч Хадакоўскі, пазыўны «Скіф»

Камандзір батальёна «Усход», былы камандзір спецназа СБУ «Альфа» па Данецкай вобласці. У інтэрв'ю Reuters казаў, што ведаў загадзя аб дастаўцы «Бука» з Расіі на ўсход Украіны. Пазней ён сцвярджаў, што яго словы былі вырваныя з кантэксту. Мяркуючы па перахопленых перамовах, пасля катастрофы «Боінга» Хадакоўскі спрабаваў схаваць «чорныя скрыні» MH17 ад прадстаўнікоў АБСЕ і іншых міжнародных назіральнікаў.

Аляксандр Аляксандравіч Сямёнаў, пазыўны «Саныч»

Намеснік кіраўніка батальёна «Усход», намеснік міністра эканомікі ДНР. Каардынаваў дастаўку «Бука» у Данецк разам з Дубінскім.
Даклад Bellingcat выйшаў за дзве гадзіны да прэс-канферэнцыі Аб'яднанай следчай групы, якая, як чакаецца, абвесціць новыя акалічнасці катастрофы MH17 і назаве імёны абвінавачаных.
meduza.io