Белы дом абмяркоўвае новыя санкцыі адносна Беларусі
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў журналістам, што ў Белым доме ўжо абмяркоўваюцца магчымыя санкцыі супраць Мінска ў сувязі з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair і арыштам блогера, які знаходзіўся на борце лайнера.
Байдэн у аўторак папярэдзіў, што Злучаныя Штаты ўвядуць санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з прымусовай пасадкай самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair у Мінску і арыштам Рамана Пратасевіча. Байдэн сказаў пра гэта ў размове з журналістамі, пакідаючы Белы дом, перадае Радыё Свабода.
Новыя санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з гэтым інцыдэнтам ужо абмяркоўваюцца, пацвердзіў Байдэн, адказваючы на пытанне журналіста пра тое, што збіраюцца распачаць Злучаныя Штаты ў сувязі з паводзінамі рэжыму Лукашэнкі.
«Я не хацеў бы спекуляваць на гэтую тэму да таго часу, пакуль мы [не прымем канчатковае рашэнне]», — дадаў прэзідэнт, не стаўшы ўдавацца ў дэталі.
Некалькімі гадзінамі раней Байдэн назваў дзеянні ўладаў Беларусі «абуральнымі» і паабяцаў даць «адпаведны» адказ у каардынацыі з Еўрасаюзам. Прэзідэнт заявіў, што інцыдэнт з Ryanair з’яўляецца «прамой абразай міжнародных нормаў».
«Злучаныя Штаты самым рашучым чынам асуджаюць як змяненне маршруту самалёта, так і наступнае зняцце з рэйсу і арышт Пратасевіча, — заявіў Байдэн, — Гэты абуральны інцыдэнт і відэа з Пратасевічам, якое, мяркуючы па ўсім, было запісана пад ціскам, з’яўляюцца ганебнымі нападкамі як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы».
Прэзідэнт дадаў, што ЗША далучыліся да іншых краін свету, якія патрабуюць вызвалення Пратасевіча і соцень палітычных зняволеных, незаконна арыштаваных рэжымам Лукашэнкі.
«Я далучаюся да шматлікіх заклікаў правесці міжнароднае расследаванне для высвятлення ўсіх фактаў у гэтай справе», — сказаў Байдэн.
Напярэдадні прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Сакі паведаміла , што Джо Байдэн падчас саміту з Пуціным абмяркуе вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманне Пратасевіча.