Упадзе ўдвая. Bloomberg ацаніў, у колькі Беларусі абыйдзецца забарона палётаў
Закрыццё паветранай прасторы над Беларуссю можа каштаваць краіне паловы даходаў ад транзітных пералётаў.
![e722950a895cf5ceeb6f564fcecec100.jpg e722950a895cf5ceeb6f564fcecec100.jpg](/img/v1/images/e722950a895cf5ceeb6f564fcecec100.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па дадзеных Flightradar24 над Беларуссю кожны тыдзень лётае каля 3 тысяч рэйсаў. Агенцтва ацаніла, што гэты транзіт прыносіць краіне каля $60-70 млн у год. Удвая рызыкуе скараціцца і выручка авіякампаніі «Белавія», якая ў мінулым годзе склала каля $210 млн. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі агенцтва Bloomberg, піша officelife.media.
Пры гэтым, лічаць аналітыкі, адмова ад палётаў над Беларуссю ўдарыць па кароткіх рэйсах, якія праходзілі праз тэрыторыю краіны. У далёкіх маршрутаў куды больш магчымасцяў скарэктаваць свой шлях. Напрыклад, AirBaltic ужо ацаніла выдаткі ад адмовы лётаць над Беларуссю ў 200 тысяч еўра ў месяц.
Bloomberg называе Беларусь важнай тэрыторыяй для пералётаў, асабліва пасля таго, як авіякампаніі пачалі аблятаць Усход Украіны ў выніку катастрофы лайнера Malaysian Airlines у 2014 годзе. У выніку для многіх авіякампаній змена маршруту прывядзе да павелічэння працягласці палёту і дадатковых выдаткаў на паліва. У першую чаргу гэта закране рэйсы паміж Еўропай і Паўднёва-Усходняй Азіяй.