Да санкцый ЕС супраць Беларусі далучылася Украіна
Савет Еўрапейскага Саюза працягнуў абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі на адзін год да 28 лютага 2021 года.
Гэтае рашэнне падтрымалі краіны-кандыдаты ў ЕС Рэспубліка Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Албанія, краіна працэсу стабілізацыі і асацыяцыі і патэнцыяльны кандыдат Боснія і Герцагавіна, Ліхтэнштэйн і Нарвегія, члены Еўрапейскай эканамічнай прасторы, а таксама Украіна. Яны будуць забяспечваць, каб іх нацыянальная палітыка адпавядала рашэнню, гаворыцца на сайце Савета ЕС.
Гаворка ідзе аб эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, якая можа быць выкарыстана для рэпрэсій унутры краіны, а таксама персанальных санкцыях у дачыненні да чатырох чалавек — замарожванні іх актываў у ЕС і забароне на іх ўезд на яго тэрыторыю. Санкцыі былі ўведзеныя ў сувязі са знікненнем Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага.
Адначасова былі падоўжаныя абмежаванні ў дачыненні да паставак у Беларусь біятлоннага рыштунку. Вінтоўкі для біятлона і пісталеты для стралковага спорту па-ранейшаму будуць пастаўляцца толькі па папярэднім дазволе кампетэнтнымі органамі адпаведных краін.
Санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі былі ўведзены ў 2004 годзе ў якасці адказу на знікненне крытыкаў улады ў Мінску. У 2011 годзе прыняты дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да парушэння міжнародных выбарчых стандартаў і правоў чалавека, да падаўлення грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. У тым жа годзе было ўведзена эмбарга на пастаўкі зброі.
У лютым 2016 года Еўрасаюз зняў санкцыі са 170 чыноўнікаў Беларусі, у тым ліку з Аляксандра Лукашэнкі, і трох беларускіх кампаній. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, паслабленне санкцый магло быць звязана з актыўнай падтрымкай Лукашэнкі намаганняў ЕС па пераадоленні ўкраінскага крызісу і арганізацыяй у Мінску перагавораў. Пры гэтым пад санкцыямі застаюцца былыя міністры ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў, экс-сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман і былы кіраўнік спецатрада хуткага рэагавання Дзмітрый Паўлічэнка.