Вялікабрытанія. Вяртанне пашпарту
Вялікабрытанія, як і іншыя краіны Еўропы, пакутуе на каронавірус, аднак гэта — не падстава, каб адмяняць працэс выхаду краіны са складу Еўрасаюза.

Фота news.finance.ua
У рамках Brexit брытанцам пачалі раздаваць пашпарты новага дызайну. На вокладцы такіх пашпартоў адсутнічае надпіс «Еўрапейкі саюз». Таксама дакумент мае блакітны, а не чырвоны колер.
Першым уладальнікам пашпарту новага ўзору аказалася Даніэла Хагман — дзяўчынка, якой напярэдадні споўніўся адзін год, што дазваляе ёй, паводле мясцовых законаў, ужо мець пасведчанне асобы. Дарэчы, яе 25-гадовая маці кажа, што не ведае, што такое Brexit, і ўвогуле яна не цікавіцца палітыкай.
Але найбольш узрушыла брытанцаў тое, што пашпарты друкуюцца ў Польшчы на прадпрыемстве, якое належыць фірме з Нідэрландаў. За друк пашпартоў яна атрымае амаль 200 мільёнаў еўра.
Усё гэта выклікала шмат жартаў на адрас прэм’ера Борыса Джонсана, які абяцаў за кошт Brexit забяспечыць брытанцаў працоўнымі месцамі.
Паводле брытанскай прэсы