«Еўрабачанне» адмененае. Размовы пра перанос не вядуцца
Музычны конкурс «Еўрабачанне–2020», які павінен быў прайсці 12–16 траўня ў Ратэрдаме, адменены. Гэта пацвердзіла Жэнеўская штаб-кватэра Еўрапейскага вяшчальнага саюза.
«Еўрабачанне–2020», якое павінна было адбыцца ў канцэртнай зале Ahoy у Ратэрдаме 12, 14 і 16 траўня, адмененае.
У прэс-рэлізе, размешчаным на сайце Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) выказана глыбокае шкадаванне ў сувязі з адменай «Еўрабачання–2020». Падкрэсліваецца, што гэтае рашэнне «было цяжкім». Яно матываванае нявызначанасцю, звязанай з распаўсюджваннем захворвання COVID-19. «Улічваючы меры, прынятыя галандскімі ўладамі і ўладамі іншых краін, Еўрапейскі вяшчальны саюз прыняў рашэнне аб тым, што мерапрыемства не можа быць праведзенае, нават без гледачоў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Раней пра адмену «Еўрабачання–2020» паведамілі арганізатары мерапрыемства. Афіцыйны прадстаўнік ЕВС Дэвід Гудман пацвердзіў гэту інфармацыю карэспандэнту ТАСС. «Так, мы можам гэта пацвердзіць», — сказаў ён.
Арганізатары падкрэслілі, што гаворка ідзе менавіта пра адмену, а не пра перанос. «З улікам нявызначанай сітуацыі ў бліжэйшыя месяцы на гэтым этапе мы не можам гарантаваць, што зможам правесці такое буйное мерапрыемства з такой вялікай колькасцю зацікаўленых бакоў пазней у гэтым годзе, — сказалі яны. — Правядзенне конкурсу пазней таксама прывядзе да таго, што ў наступнай краіны-пераможцы будзе менш часу на падрыхтоўку да правядзення конкурсу».
Пры гэтым Ратэрдам застанецца горадам, які павінен прыняць наступнае «Еўрабачанне». Як вынікае з паведамлення арганізатараў, улады горада пацвердзілі, што гатовыя ўзяць на сябе арганізацыю мерапрыемства і ў 2021 годзе. Тэхнічныя дэталі яшчэ будуць абмяркоўвацца. Пакуль застаецца не зразумелым, ці будуць краіны прадстаўляць тыя ж выканаўцы з тымі ж песнямі або ў правілы будуць унесены якія-небудзь змены. Няясна таксама і што будзе з ужо раскупленымі квіткамі: ці плануецца вяртаць грошы, або квіткі застануцца сапраўднымі да наступнага года.
Паводле tass.ru