Егіпет. Выратаваць мараль

У Егіпце ўлады забаранілі цэлы музычны жанр. І да таго ж запатрабавалі ад дырэкцыі YouTube прыбраць усе ролікі ў гэтым жанры.

hamo_bika__2_.png


«Сегодня ты играешь джаз, а завтра родину продашь!» — гэты вядомы слоган часоў кампаніі супраць касмапалітаў у СССР прыходзіць на памяць, калі чытаеш навіны з Егіпту. 

Рэжым прэзідэнта Абдула-Фатаха ас-Сісі забараніў цэлы музычны жанр — так званы Мahraganat (варыянт фолька, які выконваецца з дапамогай электронных інструментаў). Мала таго, што ўрад патрабаваў ад дырэкцыі YouTube прыбраць усе ролікі ў стылі Мahraganat. У дадатак імамы выдалі фетву, якая забараняе мусульманам слухаць і выконваць творы ў гэтым жанры. 

Цяжка сказаць, чаму чыноўнікі зацікавіліся музыкай, якую звычайна граюць на вуліцах. Прэса лічыць, што прычына — у незвычайным поспеху песні «The Neighbor’s Daughter» («Дачка суседа») у выкананні музыканта Хамо Біка. Нечакана для ўсіх згаданы твор стаў мегапапулярным, набраўшы ў тым жа You Tube больш за 110 мільёнаў праглядаў. 

Магчыма, улады пабаяліся з’яўлення новага, незалежнага ад улады публічнага куміра і вырашылі для перастрахоўкі забараніць не толькі твор, аднак увесь жанр. 

Застаецца дадаць, што фармальнай прычынай для забароны сталі словы ў песні: «Калі ты мяне кінеш, я нап’юся віна». На думку чыноўнікаў гэтая фраза «заахвочвае маральную дэградацыю».

Паводле амерыканскай прэсы