Галоўныя запісы N.R.M. упершыню з'явіліся на лічбавых пляцоўках

20 сакавіка на лічбавых музычных пляцоўках упершыню з'явіліся ўсе альбомы гурта N.R.M., створаныя класічным складам у 1995–2007 гадах.

nrm_fota2005.jpg

Калектыў быў заснаваны ў 1994 годзе на парэштках гурта «Мроя» Лявонам Вольскім (вакал, гітара),  Пітам Паўлавым (гітара), Юрасём Ляўковым (бас-гітара), Алезісам Дземідовічам (бубны).

Першую сур’ёзную папулярнасць N.R.M. прынеслі альбомы «Одзірыдзідзіна» (1996) і «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» (1998). Статус аднаго з галоўных беларускіх гуртоў усіх часоў — альбомы «Тры  чарапахі» (2000) і «Дом культуры» (2002).

У гэтым складзе музыкі стварылі шэсць студыйных альбомаў, якія ніколі не прысутнічалі на лічбавых пляцоўках, таму што ў 2010 годзе шляхі Лявона Вольскага і астатніх удзельнікаў разышліся.

А між тым попыт на запісы гурта ёсць дагэтуль. У 2019 годзе сэрвіс «Яндэкс Музыка» праводзіў у Беларусі апытанне наконт таго, якіх артыстаў найперш бракуе яго айчынным карыстальнікам. N.R.M. тады трапілі ў топ-5 разам з Rammstein, Metallica, Tool і King Crimson. Сёння на пляцоўцы з’явіўся апошні артыст з гэтай пяцёркі.

nrm_albomy_maket.jpg




— Песні N.R.M. ведаюць мільёны беларусаў, гэта жывая гісторыя беларускай музыкі, — адзначае Зміцер Безкаравайны, кіраўнік лэйбла MediaCube Music, адказнага за перавыданне. — Працэс перамоваў і тэхнічнай падрыхтоўкі рэлізу заняў каля трох месяцаў. Мы ўдзячныя ўсім бакам за канструктыўны падыход, які дазволіў ажыццявіць гэты праект.

Вельмі добра, што нарэшце спадчына гурта ўпарадкаваная: можна афіцыйна і зручна паслухаць песні на лічбавых пляцоўках,напісаў Лявон Вольскі з гэтай нагоды ў сваім Facebook. — Для мяне гэтая падзея яшчэ і нагода паглядзець, наколькі гэты стары (калі не сказаць «старажытны») матэрыял запатрабаваны ў цяперашняй шырокай публікі. Ці будзе яна актыўна стрыміць гэтыя творы, ці не? Досыць цікавы тэст!

Гэта нармальны і просты крок для сучасных гуртоў, але для класічных запісаў N.R.M. яго цалкам можна назваць гістарычным,адгукнуліся Піт Паўлаў, Юрась Ляўкоў і Алезіс Дземідовіч. — Калісьці менавіта ў N.R.M. з’явіўся першы беларускі музычны сайт. Можна казаць, што гасцёўня сайту зрабілася прадвеснікам сучасных сацсетак, дзе ў адным чаце тусілі ўсе. Наогул, шмат чаго можна ўзгадаць, слухаючы гэтыя запісы. Слухайце ўсе альбомы N.R.M. на ўсіх музычных пляцоўках.Прыемных успамінаў!

nrm_fota2000_by_siarhei_kazhamiakin.jpg


Адзіная спасылка на альбомы класічнага складу N.R.M. на пляцоўках (спіс будзе дапаўняцца) — https://music.mediacube.network/hurtNRM

 Паводле прэс-рэлізу