Яны пра нас: Спраўдзіліся самыя горшыя прагнозы

Свежая падборка каментароў з замежнай прэсы, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі і вакол яе.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Эканамісты не выключаюць, што паступова ўсе тыя ж праблемы, якія ўжо выявіліся ў расійскай эканоміцы, будуць актуальныя і для беларускай. Яны прагназуюць імклівае падзенне беларускага экспарту, стаўку на які рабілі ўрадавыя эксперты, калі вярсталі планы на 2022 год. Нагадаем, што летась беларускі экспарт вырас на 36,7% і амаль дасягнуў 40 млрд долараў. Эксперты назвалі гэта знешнегандлёвым цудам і звязвалі яго не з поспехамі беларускай прамысловасці і гандлю, а з кан'юнктурай знешніх рынкаў, якія аднаўляюцца пасля лакдаўнаў. Бачачы перспектыву скарачэння валютных даходаў, улады найбліжэйшым часам могуць абмежаваць магчымасці насельніцтва ў куплі замежнай валюты». Независимая газета (Расія)
«Калі на беларуска-літоўскай мяжы была пабудавана Астравецкая атамная электрастанцыя, літоўцы папярэджвалі, што гэта станцыя з'яўляецца геапалітычным інструментам, які падтрымліваецца Расіяй, для стварэння пагрозы краінам Балтыі. Калі Масква прымушала Мінск да больш цесных стасункаў, шмат хто недаацэньваў магчымасць таго, што Пуцін у канчатковым выніку ўзмоцніць сваю ўладу над Беларуссю за кошт палітычнай інтэграцыі і размесціць там ваенную базу. Але зараз мы менавіта ў гэтай сітуацыі. Спраўдзіліся самыя горшыя прагнозы».
 EUobserver (Бельгія)
«Параза беларускага Майдана мела некалькі прычын. І ў цэлым можна назваць вялікім поспехам тое, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка захаваў сваю пасаду. Не самы апошні фактар правалу дзяржперавароту — гэта тое, што ўкраінскі міністр унутраных спраў Арсен Авакаў скраў грошыкі на падрыхтоўку і недапаставіў, як кажуць, ці то дзесяць, ці то пятнаццаць тысяч баевікоў. Грошыкі скраў, а заходнім партнёрам сказаў, што не змог інфільтраваць». Страна (Украіна)
«Беларускае войска нідзе і ніколі не ваявала. Яно не гатова да знешніх канфліктаў. Лукашэнка сапраўды не дурань. Ён разумее, што існуе вялікая рызыка правалу беларускай арміі, што яна панясе вялікія страты. А пасля гэтага яго апошнія прыхільнікі адвернуцца ад яго. І гэта будзе крушэнне рэжыму». Politico (ЗША)
«Інфармацыйная актыўнасць Украіны падштурхнула беларускае вайсковае кіраўніцтва да заяваў, што Беларусь не падтрымае наступ. Далейшае выкарыстанне Пуціным асобных падраздзяленняў беларускага войска будзе вельмі рызыкоўным рашэннем, паколькі беларускае войска мае нізкую матывацыю». osw.waw.pl (Польшча)
«Толькі купка аўтарытарных дзяржаў (дыпламатычна) абараняла вайну Уладзіміра Пуціна. Адной з іх была Беларусь, прэзідэнт якой Аляксандр Лукашэнка дазволіў расійскім сілам атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыі і правёў рэферэндум, каб дазволіць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на беларускай зямлі. Але Пуцін, здаецца, падштурхоўвае Беларусь да большага — магчыма, нават да ўступлення ў вайну, што паставіла б Лукашэнку ў вельмі цяжкае становішча. Сам Лукашэнка знаходзіцца ў вельмі ўразлівым становішчы. У яго няма такіх моцных СМІ, як у Пуціна ў Расіі. Беларуская эліта і сілавікі не зусім на яго баку. І адзіным яго рычагом уздзеяння на Маскву з'яўляецца геаграфічнае значэнне Беларусі». GZERO (ЗША)