Міжнародны саюз біятланістаў пачаў працэс прыпынення сяброўства беларускай федэрацыі
Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) запусціў працэдуру часовага адхілення нацыянальных федэрацый біятлона Беларусі і Расіі. Рашэнне ўступіць у сілу неадкладна, гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
«Рашэнне ідзе за папярэднімі мерамі выканаўчага камітэта IBU па нядопуску расійскіх і беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў IBU, каб абараніць спартсменаў і сумленнасць спаборніцтваў. Выканкам IBU пагадзіўся прыняць дадатковыя крокі на падставе таго, што расійская і беларуская нацыянальныя федэрацыі як прадстаўнікі сваіх народаў не выканалі гуманітарныя абавязацельствы ў духу Канстытуцыі IBU», — гаворыцца ў заяве, піша REFORM.by.
Рашэнне аб прыпыненні сяброўства федэрацый у саюзе будзе рэгулярна пераглядацца з улікам развіцця сітуацыі і паводзін федэрацый.
Абедзве нацыянальныя федэрацыі атрымалі адпаведныя апавяшчэнні ўчора. У іх ёсць сем дзён для адказу. Пасля гэтага выканкам IBU прыме канчатковае рашэнне аб адхіленні федэрацый.
Раней IBU забараніў беларускім і расійскім біятланістам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах і іншых мерапрыемствах пад эгідай IBU.