Елісееў: Пуцін заявіў, што зробіць усё магчымае. Мы не паддаліся ціску

Расія зноў дамагалася, каб Украіна адтэрмінавала рэалізацыю гандлёвай часткі Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам.



589988ce74.jpg

Украіна не паддалася спробам аказаць на яе ціск з боку Уладзіміра Пуціна падчас пасяджэння "нармандскай чацвёркі" ў Парыжы, — сказаў намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Пятра Парашэнкі па справах замежнай палітыкі Канстанцін Елісееў.

Паводле яго слоў, расіяне зноў дамагаліся, каб Украіна адтэрмінавала рэалізацыю гандлёвай часткі Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, якая ўступіць у сілу з 1 студзеня 2016 г.

Елісееў сказаў, што Пуцін паабяцаў у Парыжы паўплываць на прарасійскіх баевікоў на ўсходзе Украіны, каб яны адмовіліся ад правядзення муніцыпальных выбараў у іншы дзень, чым у астатніх раёнах краіны.

— Прэзідэнт Расіі заявіў, што зробіць усё магчымае, каб яны адмянілі рашэнне па правядзенні псеўдавыбараў. Для нас гэта вельмі важна, таму што псеўдавыбары парушаюць мінскія мірныя дамоўленасці, — падкрэсліў Елісееў.

Выбары органаў мясцовага самакіравання ва Украіне адбудуцца 25 кастрычніка. Сепаратысты Данецкай і Луганскай рэспублік абвясцілі, што яны будуць арганізоўваць свае ўласныя выбары, якія пройдуць, адпаведна, 18 кастрычніка і 1 лістапада. Кіеў і Захад патрабуюць, аднак, каб выбары былі праведзены ў адпаведнасці з заканадаўствам Украіны і пад кантролем АБСЕ. Елісееў сказаў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на наступным пасяджэнні кантактнай групы, якое пройдзе ў аўторак у Мінску.

Паводле www.radyjo.net