Мікалайчык пра Парфянкова: Харахорыцца, але тэмпэратура 39 і выразалі кавалак цягліцы
З Адэсы вярнулася грамадская актывістка, рэжысёр Вольга Мікалайчык. Яна апякуецца параненым пад Данецкам беларускім добраахвотнікам Васілём Парфянковым, які ляжыць у адэскім шпіталі. Ці хутка Васіля Парфянкова выпішуць са шпіталя?
— У Васіля было 8 ранаў. Ён харахорыцца, не кажа, што гэта сур’ёзныя раненні, асабліва адна дзірка — на левай назе, на задняй частцы сцягна. Там кавалак цягліцы выбухам вырвала, месца доўга гаілася, зашылі яго толькі праз два тыдні. Яшчэ нядаўна ў Васіля трымалася тэмпература пад 39 градусаў. Але ён жартуе, у добрым настроі, збіраецца, як паправіцца, з'ездзіць у Днепрапятроўск, дзе лечацца ягоныя сябры-добраахвотнікі, потым у Кіеў і да сына з жонкай. У яго ёсць мыліцы, але пакуль больш сядзіць, чым ходзіць. У шпіталі кіраўніцтва — далёка не ўкраінскія нацыяналісты, але для параненых байцоў з АТА ўсё робіцца як трэба, лячэнне і ўмовы добрыя.
— Адэсіты распавядалі, што яшчэ год таму сітуацыя ў горадзе была блізкая да сітуацыі ў Данецку ,і ўсё магло павярнуцца гэтак жа, як там. Што цяпер адбываецца ў Адэсе?
— Сітуацыя з цяжкасцю, але мяняецца, пагроза сепаратызму адступае. У іх цяпер часта праходзяць шэсці ў вышыванках, яны ўсё больш шматлюдныя. Але праблема ў тым, што ў гарадской радзе яшчэ шмат дэпутатаў, абыякавых да Украіны. Мясцовыя актывісты, як валанцёр Людміла Чабан, якая дапамагае Парфянкову, кажуць, што трэба больш актыўна ісці ў дэпутаты, але не заўсёды атрымліваецца. Партыя алігарха Каламойскага ў радзе прадстаўленая, іх называюць «укропамі». А вось у партыі «Свабода» Алега Цягнібока нешта не атрымалася. То бок ва ўладных структурах яшчэ досыць складана, тым больш што мэр Адэсы Труханаў, сам алігарх, займае зусім невыразную пазіцыю што да ўкраінскага пытання.
Васіль Парфянкоў з валанцёрамі ў адэскім шпіталі
Мне падалося, што жыхары Адэсы маюць намер значна абнавіць гарадское кіраванне, але ці ўдасца, сказаць цяжка. Тыя актывісты, з якімі я гутарыла, выступаюць
за тое, каб пры ўладзе быў прадстаўнік тытульнай нацыі, нацыяналіст, які ніколі не дапусціць, каб у Адэсу прыйшоў «русский мир» з трыкалорам
і паспрабаваў зрабіць «Адэскую народную рэспубліку». Але вось пазнаёмілася з жанчынай-фатакорам, якая прыехала з гарадку за 200 кіламетраў
ад Адэсы. Тая паехала ў мястэчка, каб там жыць і развіваць людзей ва ўкраінскім кірунку — дык яе проста ў маршрутцы збілі
за тое, што размаўляла па-ўкраінску. З працы звольнілі за праўкраінскую пазіцыю. То бок вакол Адэсы сітуацыя яшчэ не проста складаная, а жорстка
складаная.
Людміла Чабан
— Няўжо яшчэ чакаюць Наваросіі?
— Дык і ў Адэсе яшчэ некаторыя чакаюць. Шмат ездзіла ў шпіталь праз увесь горад на тралейбусе № 9, дык нагледзелася на сцэны, як людзі, пераважна сталага веку, настальгуюць па Расіі.
— А што кажуць у Адэсе пра трагедыю ў Доме прафсаюзаў, калі ў агні загінула некалькі дзясяткаў чалавек? Вераць, што гэта зрабілі ўкраінскія нацыяналісты, як кажуць у Расіі, ці мяркуюць, што гэта была правакацыя сепаратыстаў?
— Тыя, хто верыць у «русский мир», — так, вераць, што гэта справа рук нацыяналістаў. Але нацыяналісты кажуць, што ведаюць дакладна, хто гэта зрабіў. Мне распавядалі, як пэўныя людзі з антыўкраінскіх структур запрашалі туды на плошчу мінакоў, каб потым было больш ахвяраў. Мяркую, гэта была іхняя правакацыя. Але кропку ў афіцыйным расследаванні яшчэ не паставілі.
Шэсці ў вышыванках у Адэсе — хіт сезону 2015
— Якая ў Адэсе эканамічная сітуацыя, якія кошты?
— За чатыры месяцы, што не была ва Украіне, кошты на харчы падняліся, яны цяпер амаль такія, як у нас. Апроч алкаголю і піва, гэта дзешавей. А ўсё астатняе — мяса, малочныя вырабы, хлеб — прыкладна як у нас. Грыўня ў банках прадаецца за тысячу нашых рублёў. Вось бычкі на Прывозе прадаюць кілё за 14 грыўняў, то бок на нашы грошы за 14 тысяч рублёў — дык гэта танна. Карасікі за 35 грыўняў — у нас значна даражэйшая рыба. Садавіна, гародніна значна таннейшыя. Але сярэдняя пэнсія ў іх 50 даляраў, дык пенсіянерам цяжка, выжыць вельмі складана. Але людзі ўсюды круцяцца, гэта ж Адэса. Там усе працуюць, хто чым, але зарабляюць.
— А што людзі кажуць пра карупцыю? Ці ўхваляюць захады, якія робіць Міхаіл Саакашвілі?
— Падтрымліваюць Саакашвілі, і сапраўды ім задаволеныя, прычым баяцца, як бы яго не забілі. Бо, па-першае, вораг Пуціна, па-другое — змагаецца з карупцыяй. Паліцыянты на вуліцах Адэсы — новыя, падрыхтаваныя, маладыя, ветлівыя, пільныя. Хабар, кажуць пра іх, не бяруць, «дамовіцца» з імі, калі нешта зрабіў не тое, немагчыма. Адбор туды вельмі сур’ёзны, кантралююць усё людзі Саакашвілі, па знаёмстве ў паліцыю ўжо не трапіш. Пра Саакашвілі кажуць, што спіць ён усяго па 4 гадзіны, і проста на яго моляцца, асабліва праўкраінская частка Адэсы. Ужо, кажуць, прынялі і Машу Гайдар, а спачатку не ўсе разумелі, хто яна і чаму тут. Пра мытню адэскую чула, што прыціснулі там хабарнікаў, значна лепш стала. Але каб там усё кардынальна змянілася з карупцыяй, трэба яшчэ працаваць і працаваць. Бо ў людзей яна ў галовах.
— А якое ў адэсітаў стаўленне да Парашэнкі? Дарэчы, як Васіль Парфянкоў пракаментаваў заяву Пятра Парашэнкі, што нібыта вайна на Данбасе будзе
— Васіль Парфянкоў да Парашэнкі ставіцца насцярожана, кажа, што той пакуль не стрымаў ніводнага свайго абяцання. Ні вайну не скончыў, ні завод свой не прадаў, ні грамадзянства беларускім добраахвотнікам не даў. Валанцёры, з якімі я размаўляла, гаворкі пра заканчэнне вайны называюць «спевамі». Кажуць, што вайна хутка не скончыцца, бо Расія зацікаўленая, каб высмоктваць сілы Украіны, як фінансавыя, гэтак і чалавечыя. Усе стаміліся, так, але будуць далей змагацца. А што да стаўлення адэсітаў да свайго прэзідэнта, дык неяк не заўважыла, што яны шмат пра яго думаюць. Вось пра мэра распавядаюць, пра губернатара Саакашвілі. А Парашэнка, кажуць, ад іх настолькі далёка, што ніяк не ўплывае на адэскае жыццё.
— Адэса — незвычайны, вельмі пазітыўны горад. Вы нейкі пазітыўны зарад у Адэсе атрымалі?
— Для сябе зрабіла выснову, што трэба прыязджаць у Адэсу са сваімі творчымі прапановамі, каб праз іх даводзіць да адэсітаў, хто мы ёсць, беларусы, хто ёсць Лукашэнка, як насамрэч беларусы цяпер жывуць, пасля 21 году ягонага праўлення. А другая задача — дапамагаць развіваць там валанцёрскі рух. Дзякуючы такім людзям, як валанцёрка Людміла Чабан, яе сяброўка Тацяна, гэты рух ёсць, але яго трэба падтрымліваць. Вось наздымала матэрыялу, буду рабіць пра Людмілу фільм. Яна — маці алімпійскага чэмпіёна, сама спартовы трэнер, яшчэ два гады таму была тыповым гараджанінам Адэсы. А цяпер — украінская патрыётка, вядомая валанцёрка. Нам ёсць у чым браць прыклад з такіх людзей.