Кіраўнік МЗС Украіны прапанаваў заснаваць спецтрыбунал «для злачынстваў супраць Украіны»
Некалькі краін і міжнародных арганізацый паабяцалі зрабіць усё магчымае для прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых за напад на Украіну.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба прапанаваў стварыць спецыяльны трыбунал для прыцягнення кіраўніцтва Расіі да адказнасці за ўзброенае ўварванне.
«Нам патрэбны спецыяльны трыбунал для злачынстваў супраць Украіны, каб заклікаць расійскае кіраўніцтва да адказу. Учора я выступіў на першай Міжнароднай канферэнцыі па гэтым пытанні ў Вільнюсе. Дзякую арганізатарам і паўтараю свой заклік падтрымаць стварэнне трыбунала», — напісаў ён у сваім твітары.
У канцы красавіка некалькі краін і міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН, паабяцалі зрабіць усё магчымае для прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых у здзяйсненні ваенных злачынстваў падчас расійскага ўварвання. Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан заяўляў, што 43 краіны падалі заявы аб парушэннях законаў вядзення вайны ва Украіне.
Напярэдадні стала вядома, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя збірае доказы для магчымага расследавання ваенных злачынстваў у сувязі з ударамі Расіі па медыцынскіх установах ва Украіне.