Кіраўніком Інтэрпола абраны генерал з ААЭ, якога абвінавачваюць у катаваннях

Крытыкі Ахмеда Насера Аль-Раісі называюць яго прыхільнікам агрэсіўных сілавых ведамстваў, якія адвольна арыштоўвалі і катавалі праціўнікаў уладаў, паведамляе www.dw.com.

Новы прэзідэнт Інтэрпола Ахмед Насер Аль-Раісі

Новы прэзідэнт Інтэрпола Ахмед Насер Аль-Раісі

Новым прэзідэнтам Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрпола) абраны генеральны інспектар Міністэрства ўнутраных спраў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, генерал-маёр Ахмед Насер Аль-Раісі. Пра яго абранне Інтэрпол паведаміў у чацвер, 25 лістапада, у сваім мікраблогу ў Twitter.

Аль-Раісі абраны прэзідэнтам арганізацыі на чатырохгадовы тэрмін. Ён змяніў на гэтай пасадзе Кім Чон Яна з Паўднёвай Карэі.

Пазовы ў пяці краінах

Крытыкі Ахмеда Насера Аль-Раісі называюць яго прыхільнікам агрэсіўных сілавых ведамстваў, якія падвяргаюць праціўнікаў уладаў адвольным арыштам і катаванням. Прынамсі ў пяці краінах супраць яго пададзеныя судовыя пазовы ў сувязі з абвінавачваннямі ў катаваннях. Паводле звестак брытанскага выдання «The Daily Maíl», Аль-Раісі датычны да катаванняў брытанскага навукоўца Мэцью Хеджэса, затрыманага ў ААЭ ў 2018 годзе паводле ілжывага абвінавачвання ў шпіянажы. У зняволенні навукоўца ўтрымлівалі ў кайданках, пазбаўлялі сну і прымушалі прымаць розныя медыцынскія прэпараты. Пазней Мэцью Хеджэс падаў супраць чатырох чыноўнікаў ААЭ, у тым ліку Аль-Раісі, судовы пазоў аб кампенсацыі шкоды ў памеры 350 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

І ўнёскі, і ахвяраванні

Штаб-кватэра Інтэрпола знаходзіцца ў французскім Ліёне, арганізацыя існуе на ўнёскі 195 дзяржаў-чальцоў. Улады ААЭ не толькі плацяць унёскі (у 2019 годзе — блізу 243 тысяч еўра, што склала 0,425 працэнта бюджэту Інтэрпола), але і з 2015 года актыўна ахвяруюць вялікія сумы грошай на карысць арганізацыі, што выклікае падазрэнні ў спробах купіць у ёй уплыў, нагадвае агенцтва dpa.