Кітай перастаў купляць нафту ў ЗША
Пастаўкі амерыканскай нафты ў Кітай «цалкам спыненыя». Пра гэта паведаміў Се Чуньлінь, прэзідэнт China Merchants Energy Shipping — адной з найбуйнейшых кітайскіх кампаній, якія займаюцца перавозкай нафты.
На фоне працяглага гандлёвага супрацьстаяння паміж краінамі кітайскія імпарцёры нафты не будуць купляць яе ў ЗША, нягледзячы на тое, што яна ў адрозненне ад многіх іншых тавараў пакуль не абкладаецца падвышанымі пошлінамі.
ЗША пастаўлялі нафту ў Кітай з 2016 года. У спісе імпарцёраў амерыканскай нафты да апошняга часу Кітай знаходзіўся на другім месцы — пасля Канады.
ЗША і Кітай у апошнія месяцы знаходзяцца ў стане эканамічнага канфлікту. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп з ліпеня падпісаў некалькі указаў аб увядзенні пошлін на імпарт кітайскіх тавараў — агульны аб'ём закранутага рынку складае дзесяткі мільярдаў даляраў. Кітай кожны раз адказваў люстранымі мерамі.
Паводле news.tut.by