Мова супраць апазіцыі

У Казахстане стартавала кампанія па выбарах прэзідэнта. Яе першым сюрпрызам стаў правал апазіцыянера на іспыце па казахскай мове, без здачы якога нельга стаць афіцыйным кандыдатам.

Закон пра тое, што ўсе казахскія грамадзяне, якія хочуць стаць кандыдатамі, павінны абавязкова здаць іспыт на веданне казахскай мовы, з’явіўся ў Законе аб выбарах прэзідэнта ў 2003 годзе.



d01eeca8b24321cd2fe89dd85b9beb51.jpg

У Казахстане стартавала кампанія па выбарах прэзідэнта. Яе першым сюрпрызам стаў правал апазіцыянера на іспыце па казахскай мове, без здачы якога нельга стаць афіцыйным кандыдатам.
Закон пра тое, што ўсе казахскія грамадзяне, якія хочуць стаць кандыдатамі, павінны абавязкова здаць іспыт на веданне казахскай мовы, з’явіўся ў Законе аб выбарах прэзідэнта ў 2003 годзе.
Адначасова былі ўстаноўленыя правіла праходжання іспыту. Прэтэндэнты ў кандыдаты павінны напісаць дыктоўку на казахскай мове аб’ёмам дзве старонкі. Пасля зачытаць друкаваны тэкст аб’ёмам не больш за тры старонкі. І, нарэшце, зрабіць паведамленне на зададзеную тэму на працягу не меней чым 15 хвілін. Іспыт прымае спецыяльная лінгвістычная камісія, створаная пры ЦВК.
Ніхто так моцна не вітаў “моўныя папраўкі ў Закон аб выбарах, як апазіцыя. Моўны іспыт разглядаўся імі як сродак павышэння аўтарытэту казахскай мовы. Аднак сёння шмат хто ў апазіцыйным асяроддзі думае інакш. Моўны тэст, здаецца, стаў сродкам адсеву дысідэнтаў. Сапраўды, механізм выстаўлення адзнакі сябрамі лінгвістычнай камісіі пры ЦВК абсалютна не зразумелы і не празрысты. Улады такім чынам атрымліваюць магчымасць лёгка зняць непажаданага палітыка за тое, што ён быццам не валодае мовай тытульнай нацыі.
Першай ахвярай моўнай дыскрымінацыі стаў вядомы апазіцыянер Уаліхан Кайсараў. 8 лютага лінгвістычная камісія пастанавіла, што ён не валодае казахскай мовай на належным узроўні. Як кажа прадстаўнік камісіі, у тэксце дыктоўкі Уаліхан дапусціў аж 28 памылак. Тэкст, што ён зачытаў, таксама не задаволіў сябраў камісіі. Патрэбную тэму, па словах сябры ЦВК, Кайсараў не раскрыў. Нарэшце, ён не здолеў добра адказаць на дадатковыя пытанні.
Кайсараў, у сваю чаргу, сцвярджае, што гэта ўсё правакацыя. Ён вядомы як жорсткі крытык рэжыму. І менавіта гэта, быццам, вызначыла падыходы прызначаных уладамі экзаменатараў.
У дадатак апазіцыянер звяртае ўвагу на тое, што напярэдадні кампаніі патрабаванні для кандыдатаў у кандыдаты нечакана сталі больш жорсткімі. Цяпер прэтэндэнт, каб прайсці іспыт паспяхова, абавязаны не дапусціць ніводнай арфаграфічнай або граматычнай памылкі ў тэксце дыктоўкі.
“Сябры лінгвістычнай камісіі, на мой погляд, падышлі кан’юктурна да вызначэння ўзроўню маіх ведаў. Гэта было выкананне палітычнай замовы, каб не дапусціць мяне да выбараў прэзідэнта, — сказаў Кайсараў журналістам.
Ён распавёў пра тое, што ўяўляла сабой выпрабаванне: “Былі зададзены пытанні пра саюз цюркамоўных дзяржаў, пра мінулую Азіяду (спартовыя спаборніцтва), і я выказаў сваё асабістае меркаванне на гэты конт. Камісія адышла ад сваёй асноўнай мэты — высветліць, як размаўляе чалавек па-казахску. Замест гэтага яны ўважалі на тое, што я кажу.
Шмат хто падзяляе пазіцыю палітыка. На казахскіх інтэрнэт-форумах нярэдка можна сустрэць каментары кшталту наступнага: “Улады прыдумалі новы эфектыўны метад знішчэння канкурэнтаў Назарбаева, выдатна ведаючы, што практычна ніхто не здасць гэты іспыт. Яго здольныя прайсці толькі настаўнікі казахскай мовы, дый тое самыя лепшыя. У выніку на выбарах застанецца адзін цяперашні прэзідэнт. Падыход да кандыдатаў у прэзідэнты першапачаткова неаднолькавы. Відавочна, што ў адміністрацыі адмыслова ўзмацнілі жорсткасць патрабаванняў да ведання мовы, каб не пусціць на выбары Абілава і Казлова (галоўныя крытыкі Назарбаева).
Адсюль і катэгарычныя патрабаванні — адмяніць тэст. Адзін з прыхільнікаў такога падыходу піша: “Іспыт трэба адмяняць у любым выпадку. Мы ж не прэзідэнта саюза пісьменнікаў абіраем. Іспыт павінен быць фармальным, ці, лепш за ўсё, гутарка, бо галоўная каштоўнасць кандыдата палягае не ў гэтым.
Некаторыя каментатары лічаць, што адмена тэсту будзе шчырым прызнаннем сапраўднага месца казахскай мовы ў грамадстве.
“Ні для каго не сакрэт, што больш паловы міністраў, акымаў (абласныя губернатары) і дэпутатаў не валодаюць казахскай мовай. Казахская мова толькі фармальна з’яўляецца дзяржаўнай. Фактычна ж грамадзяне РК размаўляюць, пішуць і чытаюць толькі на рускай мове. Колькі б мы ні ламалі галовы наконт вырашэння гэтага пытання, факт застаецца фактам. Адгэтуль узнікае думка, што мы займаемся крывадушнасцю ў адносінах да сваёй роднай мовы. Але ў такіх пытаннях, як вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, гэты штучны бар’ер — веданне казахскай мовы — хітра выкарыстоўваецца Назарбаевым і яго тэхнолагамі, — піша праціўнік тэстаў.
Аматары жартаў пабачылі ў іспыце парушэнне канстытуцыі: “А як будзе здаваць іспыт казах з вышэйшай адукацыяй, які пражыў усё жыццё ў Казахстане, але ён глуханямы? Ён жа выключна мовай жэстаў валодае. Калі не дапусцяць да іспыту — гэта будзе дыскрымінацыя яго як інваліда. Інвалід таксама мае права быць абраным прэзідэнтам.
У сваю чаргу, ідэя адмены тэсту абурыла нацыяналістаў. Яны згодныя, што Кайсарава наўмысна “завалілі. Аднак гэта не падстава скасаваць іспыт, за кошт якога казахская мова так ці інакш павышае свой статус.
На папулярным казахскім сайце www.zona.kz адзін з нацыяналістаў адзначае: “Не падабаецца Казахстан з ягонай мовай, традыцыямі і культурай — калі ласка, адпраўляйцеся ў эміграцыю. Уаліхан Кайсараў, магчыма, разумны адукаваны мужык. Але нам не патрэбны такія “штучныя казахі, тым больш на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Спыніце нарэшце гандаль вакол мовы. Дзяржаўнай мовай у Казахстане будзе казахская. Кропка. Усе грамадзяне павінны шанаваць закон.
Так ці інакш, Назарбаеў за кошт моўнага іспыту добра пасварыў апазіцыю. З іншага боку, і для праціўнікаў рэжыму тут ёсць пазітыўны момант. Правал Кайсарава ўзмацніў пазіцыі тых апазіцыянераў, хто выступае за байкот прызначаных на красавік выбараў. Цяпер Назарбаеву давядзецца шукаць сабе апанента-статыста. Аднак знайсці вядомага палітыка, які ведае казахскую мову лепш за Кайсарава, будзе цяжка.
Акрамя таго, гіпербалізацыя моўнага пытання б’е па самому Назарбаеву. Калі верць абсалютнай большасці экспертаў і каментатараў, Нурсултан ведае казахскую мову кепска. Ён пачынаў сваю кар’еру як навучэнец рускамоўнага будаўнічага ПТВ. Аднак нават з рускай мовай прэзідэнта шмат праблем. Неяк у слове “еще ён умудрыўся зрабіць 3(!) памылкі.