«Падставай для зыска аб закрыцці СМІ тэарэтычна можа стаць нават граматычная памылка»
У студзені бягучага года Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала ў парламент пакет прапаноў, якія тычыліся лібералізацыі ўмоў для работы СМІ, — пра гэта намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.
Андрэй Бастунец. Фота euroradio.fm
— Андрэй, з якімі прапановамі БАЖ звярталася ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу?
— Наш зварот у Палату прадстаўнікоў тычыўся Закона аб сродках масавай інфармацыі. Мы прапаноўвалі ўвесці ў гэты акт пэўныя змены. Асноўныя праблемы, на якія мы звярталі ўвагу, звязаныя з дзейнасцю журналістаў-фрылансераў, доступам да інфармацыі, а таксама з неабароненасцю журналістаў і медыя-арганізацый (у тым ліку ў звязку з амаль неабмежаванымі магчымасцямі Міністэрства інфармацыі праз суд спыніць дзейнасць СМІ).
Возьмем журналістаў-фрылансераў. Сёння тым, хто не звязаны дамовай з канкрэтнай рэдакцыяй, амаль што немагчыма легальна працаваць. Яны не могуць пацвердзіць свой статус, таму што журналісцкія пасведчанні могуць выдаваць толькі рэдакцыі СМІ (а пасведчанні журналісцкіх арганізацыяў уладамі не прызнаюцца). Гэта выклікае праблемы з працай на масавых акцыях ці падчас звароту за інфармацыяй. Не кажучы ўжо пра магчымасць атрымаць акрэдытацыю.
Дарэчы, акрэдытацыя разглядаецца ўладамі як дазвол на журналісцкую дзейнасць, адзін з бар’ераў, які трэба ўзяць, каб працаваць у Беларусі журналістам. Але ж свабода пошуку і распаўсюду інфармацыі гарантавана Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі (у тым ліку ратыфікаваным Беларуссю Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах), і адсутнасць акрэдытацыі не можа перакрэсліваць Канстытуцыю. А ў нас атрымліваецца, што беларускія грамадзяне, якія праз супрацоўніцтва з замежнымі медыямі ажыццяўляюць свае канстытуцыйныя правы па пошуку і распаўсюду інфармацыі, мусяць атрымліваць акрэдытацыю ў МЗС і пераследуюцца з боку сілавых структур, калі яе не маюць.
Яшчэ адна праблема, на якую мы спрабавалі звярнуць увагу Палаты прадстаўнікоў, звязана з тым, што сённяшні Закон аб СМІ амаль не ўтрымлівае нормаў, якія б гарантавалі доступ журналістаў да інфармацыі. А шэраг іншых прававых актаў толькі абмяжоўвае гэты доступ. Я маю на ўвазе заканадаўства аб дзяржсакрэтах. Ці заканадаўства ў галіне дзяржаўнай службы, якое забараняе дзяржаўным службоўцам даваць інфармацыю ў СМІ без узгаднення яе з кіраўніцтвам.
І, урэшце, яшчэ адзін блок пытанняў звязаны з магчымасцю ціску і ўмяшальніцтва органаў улады ў дзейнасць СМІ. Сёння Міністэрства інфармацыі можа звярнуцца з зыскам аб закрыцці СМІ пасля двух папярэджаняў рэдакцыі цягам году незалежна ад таго, наколькі сур’ёзнае парушэнне, на думку Мінінфарма, здзейсніла рэдакцыя. У выніку падставай для папярэджвання, а надалей і зыска аб закрыцці СМІ, тэарэтычна можа стаць нават граматычная памылка.
Свае высновы і прапановы БАЖ накіраваў у Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальны х адносіна х і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў.
— І ў адведзены тэрмін вы атрымалі адказ, у якім было нешта пра “немэтазгоднасць і неактуальнасць”?
— Амаль што. Праз месяц мы атрымалі адказ, у якім нам паважліва, на беларускай мове, паведамілі, што чальцы камісіі параіліся з Міністэрствам інфармацыі, і там адказалі, што нічога мяняць не трэба. Між тым, значаная частка прапановаў тычылася менавіта скарачэння функцый Мінінфарма. Больш за тое, мы звярталі ўвагу дэпутатаў, што Міністэрства інфармацыі выйшла за межы сваіх паўнамоцтваў і сваёй пастановай усталявала патрабаванні па рэгістрацыі СМІ, якія не прадугледжаны законам. Але і гэта засталося па-за ўвагай дэпутатаў.
Заўважу, што гаворка ў нашым звароце ішла не пра ўнясенне зменаў у закон тут і цяпер, а пра абмеркаванне сітуацыі ў галіне СМІ з удзелам прадстаўнікоў “профільнай” камісіі Палаты прадстаўнікоў і БАЖ — як першы крок. На які дэпутаты аказаліся няздатнымі. Ва ўсялякім разе, пакуль.
— Андрэй, а вам не здаецца, што гэтыя звароты — замкнёнае кола ? БАЖ і яе эксперты не першы і не другі раз рыхтуюць прапановы, дасылаюць іх у адпаведныя органы ўлады, але воз, як кажуць, і зараз там? Ці ёсць сэнс у гэтай дзейнасці?
— Па-першае, я лічу, што ўсе магчымасці, якія існуюць, трэба выкарыстоўваць.
Па-другое, я не згодны з тым, што распрацоўкі БАЖ не маюць сэнсу. Калі б мы гэтага не рабілі, сённяшні Закон аб СМІ выглядаў бы яшчэ горш.
Нагадаю, што калі законапраект трапіў у Палату прадстаўнікоў, нашы эксперты паспелі падрыхтаваць свае прапановы — нягледзячы на тое, што мы даведаліся пра гэта літаральна за дзень да разгляду. І сем з нашых прапаноў у выніку былі прынятыя. Найбольшым дасягненнем я лічу тое, што ўдалося “адбіць” норму пра абавязковую перарэгістрацыю СМІ пасля змены адрасу рэдакцыі (а такая норма была прыхаваная ў тэксце законапраекта за шэрагам спасылак). Уявіце, які б з’явіўся механізм ціску на рэдакцыі, і якой праблемай для кожнага СМІ стала б звычайная змена юрыдычнага адрасу!
Таму працаваць у заканадаўчым накірунку трэба. Іншая справа, што стаўленне да нашых прапаноў з боку ўлады залежыць ад палітычнай кан’юнктуры і ад мэтазгоднасці — з яе, улады, пункту гледжання.
— Ажыццяўленне тых прапаноў, якія вы агучылі, сёння безумоўна важна для беларускіх СМІ. Але гэта толькі першыя крокі. Калі дапусціць, што пералічанае зроблена — што неабходна далей? Напрыклад, стварыць роўныя ў мовы для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ?
— Першыя вельмі важныя крокі можна зрабіць ужо сёння, нават не змяняючы заканадаўства. Напрыклад, вярнуць недзяржаўныя СМІ ў шапікі “Саюздруку” і ў падпіску праз аддзяленні “Белпошты”. Нагадаю, што зараз амаль палова незалежных выданняў знаходзіцца па-за дзяржаўнымі сістэмамі распаўсюду. І каб выправіць становішча, названым дзяржпрадпрыемствам трэба толькі заключыць са СМІ адпаведную дамову.
Калі ж казаць пра ідэальную сітуацыю, я наогул не абмяркоўваў бы тэму стварэння аднолькавых умоваў для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Таму што ўпэўнены, што дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі наогул не павінна быць. Могуць існаваць толькі прыватныя і грамадскія. А дзяржаве дастаткова мець інфармацыйныя бюлетэні, з дапамогай якіх яна зможа інфармаваць грамадскасць аб сваёй працы і прынятых актах, як гэта адбываецца, напрыклад, у суседняй Літве.
Вось ідэальная сітуацыя, да якой неабходна імкнуцца. Але, зразумела, што ад сённяшняга дня да гэтага ідэалу трэба прайсці вялікі шлях.
— А раптам зараз, калі, здаецца, улада зацікаўлена ў адлізе ў адносінах з Захадам, атрымаецца “праціснуць” тыя ці іншыя прапановы, якія палепшылі б жыццё незалежных СМІ? Ці, як першы крок, абмеркаваць бягучую сітуацыю і актуальныя пытанні з прадстаўнікамі дзяржавы, таго ж Мінінфарма, у рамках існуючых магчымасцяў? Напрыклад, праграмы “Дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю ”?
— Сітуацыя са СМІ на адным з першых месцаў у дыялогу Беларусі з Захадам. І зразумела, што ўладам прасцей весці дыялог на тэму СМІ, чым пра палітвязняў. Таму, думаю, і былі зроблены пэўныя крокі па пэўнай нармалізацыі сітуацыі (на вельмі нізкім узроўні), таму і была запрошана ў краіну прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды слова Дунья Міятавіч...
Дарэчы, мы гэта ўжо праходзілі, і сітуацыя ў галіне СМІ сёння нагадвае тую , якая склалася напрыканцы 2008 — пачатку 2009 гадоў. Тады, памятаеце, у шапікі і ў падпіску вярнулі “Народную Волю” і “Нашу Ніву”. Тады ж адбыліся два круглых стала з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання і прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ, на адным з якіх з боку высокапастаўленага чыноўніка Адміністрацыі прэзідэнта прагучала абяцанне наконт таго, што інтэрнэт у Беларусі будзе вольным. (Між іншым, тое, што да сённяшняга дня не распрацаваны нарматыўны акт аб рэгуляванні дзейнасці інтэрнэт-СМІ і іх рэгістрацыі — я лічу пэўным вынікам таго круглага стала).
А ў гэтым годзе мы бачым спыненне крымінальных спраў журналістаў Анджэя Пачобута і Антона Сурапіна, пераследу часопіса “Arche”…
Але ж і цяпер, і ў 2008–2009 гадах мы звярталі ўвагу, што не адбываецца сістэмных зменаў у сітуацыі. Калі ў нейкіх канкрэтных выпадках з боку ўлады ёсць саступкі, то на сістэмным узроўні, на ўзроўні заканадаўства, усё рухаецца ў супрацьлеглым накірунку. І мы бачым, напрыклад, пашырэнне паўнамоцтваў міліцыі і КДБ ці забарону дзяржслужачым даваць інфармацыю ў СМІ без узгаднення.
Афіцыйны Мінск лічыць, што калі ён запрасіў у краіну Міятавіч — гэта і ёсць крок наперад. А мы лічым, што гэта толькі падстава для абмеркавання магчымых далейшых крокаў, але ўсё ж не крок.
— Андрэй, якія захады для прасоўвання сваіх прапаноў БАЖ збіраецца здзейсніць у бліжэйшай будучыні?
— Трэба выкарыстоўваць усе магчымасці. Мы будзем і надалей спрабаваць данесці да ўладаў інфармацыю пра існуючыя праблемы і пра нашы прапановы выхаду з гэтых праблем. Дапамога еўрапейскіх структур, сустрэчы з Дуньяй Міятавіч тут зусім не залішнія. Спадзяюся, што і спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харашці ў краіну усё ж пусцяць…