Лісты праваабаронцы з-за кратаў. Як Бяляцкі "расчараваў" Фядуту
З ліста Алеся Бяляцкага. Бабруйск (23.05.2013 па штэмпелю): Забаўны выпадак адбыўся ўвосень (16.09.2010. — Рэд.) падчас сьвяткаваньня 15-х угодкаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. На імпрэзе ўбачыў я Аляксандра Фядуту і згадаў, што адная мая знаёмая, якая даволі часта кантактавала зь Фядутам, казала мне, што ён хоча сустрэцца са мной і паразмаўляць.
З ліста Алеся Бяляцкага. Бабруйск (23.05.2013 па штэмпелю)
Забаўны выпадак адбыўся ўвосень (16.09.2010. — Рэд.) падчас сьвяткаваньня 15-х угодкаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. На імпрэзе ўбачыў я Аляксандра Фядуту і згадаў, што адная мая знаёмая, якая даволі часта кантактавала зь Фядутам, казала мне, што ён хоча сустрэцца са мной і паразмаўляць.
Я добра адгукаўся ў размове зь ёй пра том твораў Фадзея Булгарына, падрыхтаванага да друку і адкаментаванага Аляксандрам Фядутам. Я зь цікавасьцю прачытаў успаміны Фадзея Булгарына. Ён быў нашчадкам знанага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду, продкі якога ўдзельнічалі ў шматлікіх гістарычных падзеях нашага краю, а ягоны бацька браў удзел у паўстаньні Касьцюшкі супраць расійскай сатрапіі і пасьля паўстаньня за сваё вальнадумства патрапіў у турму. У лёсе Фадзея, а насамрэч Тадэвуша, Булгарына, як у люстэрку таго часу, адбілася трагедыя беларускага нобілітэту, які ішоў служыць і на ўсход, і на захад, дабіваўся там пэўных посьпехаў, але быў страчаны для сваёй зямлі. Тадэвуш Булгарын пасьля падзелу Рэчы Паспалітай стаў расійскім грамадзянінам, у малалецтве быў аддадзены ў вайсковую вучэльню ў Пецярбург, пасьля яе заканчэньня служыў у французскім войску Напалеона, даслужыўся там да капітана, затым у Пецярбургу стаў прафесійна займацца публіцыстыкай, літаратурнай творчасьцю, кнігавыданьнем і рэдагаваньнем газеты. У Расіі ў сваёй справе ён дасягнуў першых пазіцыяў. У пэўным сэнсе палітолаг і ідэолаг тагачаснага царскага рэжыму, якога згадваў у сваіх едкіх эпіграмах сам Аляксандр Пушкін, ён цьвёрда стаяў на абароне інтарэсаў расійскай улады, царскага абсалютызму і пагардліва адзываўся пра шляхецкую вольніцу і дэмакратыю, якая была перад акупацыяй у ягонай некалі роднай Рэчы Паспалітай. Хаця сам ён быў кроў з крыві, костка ад косткі беларускага (ліцьвінскага) шляхецкага стану. Гэта найбольш ярка праявілася ў ягоным парывістым і няўстрыманым характары.
Аднак ягоныя ўспаміны напоўненыя любоўю да сваіх дзіцячых гадоў і да Глушчыны, дзе знаходзіўся адзін зь сямейных маёнткаў Булгарыных. Там ён нарадзіўся, непадалёк ад тых мясьцінаў, у Бабруйску, сяджу зараз я.
На БАЖаўскім юбілеі А. Фядута быў не толькі як сябра БАЖа і журналіст, але й як адзін з бліжэйшых саратнікаў аднаго з кандыдатаў. Я падышоў да яго і быў адным з многіх, хто хацеў паразмаўляць зь ім. Аляксандр з імпэтам павітаўся са мной. “Аляксандр, — пачаў я, — я хачу пагаварыць з табой”. Ён кіўнуў галавою. “Калі вам спатрэбіцца юрыдычная ці якая іншая дапамога ў зьвязку з магчымымі цяжкасьцямі, зьвяртайцеся да нас, і мы пастараемся дапамагчы”.
У вачах у Фядуты я ўбачыў, як ягоны інтарэс да мяне зьнік. Ён будзённа і дзеля ветлівасьці кіўнуў галавою, і нашая размова на гэтым скончылася. Відавочна, ён чакаў, што гутарка будзе весьціся пра літаратуру. Яго вабіла літаратура, а не магчымы перасьлед. Але так сталася, што неўзабаве нашая дапамога, якая б ні была, яму спатрэбілася.