Польшча. 60-я гадавіна пратэстаў рабочых у Познані

Страйк працоўных пераўтварыўся ў 100-тысячную дэманстрацыю і масавыя закалоты. Рабочыя разграмілі будынак гарадскога камітэта Польскай аб'яднанай рабочай партыі, штурмам узялі турму, вызвалілі палітычных вязняў.

«Мы патрабуем хлеба!». Фота wikipedia.org

«Мы патрабуем хлеба!». Фота wikipedia.org


28 чэрвеня 1956 года распачалося Познаньскае паўстанне — першае сярод выступаў супраць камуністычнай польскай улады. Спачатку акцыя рабочых, што сабраліся ў цэнтры Познані, праходзіла мірна і арганізавана. Аднак затым падзеі выйшлі з-пад кантролю, і ў цэнтры горада пачаліся сутычкі паміж супрацоўнікамі сілавых ведамстваў і дэманстрантамі ды масавыя беспарадкі.

 

Рабочыя разграмілі будынак гарадскога камітэта Польскай аб'яднанай рабочай партыі, штурмам узялі турму, вызвалілі палітычных вязняў. У канфлікце загінула, паводле розных звестак, ад 57 да 74 чалавек, сярод іх — трынаццацігадовы хлопчык Ромек Стшалковскі, было паранена каля 500 асобаў (у тым ліку ваенных і праваахоўнікаў).


Сярод прычын пратэсту, што прымусілі рабочых выйшлі на вуліцы Познані, выданне "Новая Польшча" згадвае наступнае: "З аднаго боку, людзі пратэставалі супраць пагаршэння матэрыяльнага становішча мас. Замест абяцанага камуністычнай партыяй росту дабрабыту шасцігадовы план (1950–1955) прывёў да жабрацтва большасці насельніцтва. Нягледзячы на павышэнне працоўных нормаў, рэальная зарплата паменшылася, не хапала асноўных тавараў, кватэр, камунальныя паслугі знаходзіліся ў жахлівым стане. Адсутнасць рэформаў і вельмі бюракратычныя метады кіравання не давалі надзей на лепшае... Людзі ўсё гучней патрабавалі дэмакратыі ў палітыцы, грамадскім і эканамічным жыцці".


Выстава "Польшча-Венгрыя. Чэрвень 1956"PAP/Jakub Kaczmarczyk

Выстава "Польшча-Венгрыя. Чэрвень 1956"PAP/Jakub Kaczmarczyk



Сёння цягам дня запланаваны шэраг мерапрыемстваў, якія ўшануюць ахвяр чэрвеня 1956 года ў Познані. 
Урачыстасці распачаліся а 6 раніцы. Прадстаўнікі ўлад, прафсаюзаў, арганізацыі ветэранаў і харцэраў усклалі кветкі пад памятнай шыльдай на браме Чыгуначнага заводу. Менавіта там 60 гадоў таму распачаўся страйк працоўных, які пасля пераўтварыўся ў 100-тысячную дэманстрацыю, паведамляе "Польскае Радыё".
У другой палове дня распачнуцца мерапрыемствы з удзелам прэзідэнтаў Польшчы і Венгрыі. Кульмінацыяй стане памятнае мерапрыемства на плошчы Міцкевіча. Там у чэрвені 1956 года сабраліся дзясяткі тысяч познаньцаў.

Лідар прафсаюзу «Салідарнасць» Чыгуначнага заводу Анджэй Ясіньскі казаў, што 60 гадоў таму познаньцы сталі ў абарону асноўных каштоўнасцяў. «Працаўнікі познаньскіх заводаў і жыхары гораду, стаміўшыся ад прыніжэнняў, паднялі галовы і ў вулічным пратэсце распачалі змаганне за свабоду, годную працу і павагу да законаў».


Графіці з нагоды Чэрвеньскага паўстання. Фота wikipedia.org

Графіці з нагоды Чэрвеньскага паўстання. Фота wikipedia.org