Пра што гавораць на «еўрамайдане»
Усю ноч кіяўляне мітынгавалі на Майдане незалежнасці супраць згортвання еўраінтэграцыі. Па прыблізных ацэнках, у акцыі прынялі ўдзел больш за 2000 чалавек. Зараз мітынгоўцаў значна менш, але затое гучаць заклікі збірацца ў 18-00. Я пагутарыла з «дзённай вартай» так званага «еўрамайдану». Распытала, што іх падахвочвае да пратэсту.
У 9 гадзін раніцы большасць тых, хто стаяў на плошчы ноччу, пайшлі на працу, вучобу або проста выспацца. На змену ім паволі сыходзяцца новыя людзі. Нягледзячы на тое, што ў цэлым ўкраінскае
грамадства зняверылася і не настроена на пратэст, іх нешта матывуе выходзіць на вуліцу і выказваць нязгоду. Менавіта пра гэта я паразмаўляла з некалькімі людзьмі, якіх выбірала выпадкова. Вось іх
меркаванні.
Антон Гаген, студэнт:
«Я вельмі добра разумею, што цяпер існуе пэўны крызіс жанру. Многія, гэтак жа як і я, не схільны сімпатызаваць апазіцыі і тым больш ёй давяраць да канца. Многіх гэта спыняе, але
мяне — не. Бо колькі ў рэшце рэшт можна трываць? Па нас топчуцца,
на нас плююць, а мы трываем. Мяне радуе, што людзі выйшлі сюды без заклікаў палітыкаў. Гэта была самаарганізацыя людзей у сацыяльных сетках».
Крысціна Халімонава, студэнтка:
«Прыйшла сюды таму, што я ў адчаі. Не ведаю, якія перспектывы ў гэтага пратэсту. Але мне зараз вельмі сумна з-за гэтага ўсяго. Я хачу ў ЕС».
Сашко Лірнік, казачнік , музыка:
«Я не расчараваны. У мяне наадварот падняўся настрой. Нам павінна быць весела. Толькі так такія рэчы робяцца. А лозунг тут добры: «Нам у Еўропу, вам — ... » Выбірайце, хто куды. Я таксама не хачу, каб занадта шмат бралі на сябе
партыі. Хай выходзяць са сваімі сцягамі, але мэта ў нас адна — Еўропа. Добра, што сёння гадавіна Майдана. Хто тады верыў? Зараз людзі выходзяць не
за чалавека, а за сваіх дзяцей, за сваю будучыню. Спадзяюся, што нешта зменіцца, інакш бы не прыходзіў сюды».
Тамара Шаўчук, студэнтка:
«Уначы выйшла вельмі шмат людзей. Сярод іх былі нават такія мае знаёмыя, хто далёка не прыхільнік нейкіх рухаў, пратэстаў. Калі яны выйшлі на плошчу, то ў гэтай акцыі ёсць
перспектывы. Я думаю, вечарам нас будзе больш. Я буду стаяць тут, пакуль будуць людзі».
На плошчы ўсталяваная імправізаваная сцэна. Да вольнага мікрафону падыходзяць розныя актывісты. Сярод іншых перад прысутнымі выступіў Віталь Клічко.
«Тое, што ўчора адбылося ў Вярхоўнай Радзе, у адміністрацыі прэзідэнта, урадзе, калі яны вырашылі, у якім кірунку будзе рухацца краіна, не спытаўшы ў людзей — гэта непавага. У нас вялікі патэнцыял, але мы яго зможам выкарыстоўваць, калі станем
еўрапейскай краінай. Мы павінны даказаць, што Украіна — гэта
Еўропа», — выказаўся народны дэпутат.
Мітынгі супраць згортвання еўраінтэграцыі адбываюцца або запланаваны на сёння ў многіх гарадах Украіны: Львове, Івана-Франкоўску, Харкаве, Данецку, Адэсе, Хмяльніцкім. У Кіеве масавы збор людзей
чакаюць у 18-00.
eastbook.eu