Пуцін абвінаваціў распадзе СССР… Леніна!

Уладзімір Пуцін раскрытыкаваў вынікі дзейнасці і ідэі Уладзіміра Леніна, якія, па яго словах, «заклалі атамную бомбу» пад Расію.



putin_sumny.jpg

На пасяджэнні прэзідэнцкага Савета па навуцы і адукацыі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін рэзка раскрытыкаваў вынікі дзейнасці Уладзіміра Леніна. На яго думку, ідэі правадыра рэвалюцыі прывялі да разбурэння гістарычнай Расіі, перадае РБК.

Такім чынам ён адказаў кіраўінку Курчатаўскага інстытута Міхаілу Кавальчуку, які на пасяджэнні прэзідэнцкага Савета па навуцы і адукацыі працытаваў паэму Барыса Пастэрнака «Высокая хвароба», у якой той аналізуе Кастрычніцкую рэвалюцыю і кажа пра Леніна: «И вот, его увидев въяви, я думал, думал без конца об авторстве его и праве дерзать от первого лица».

Гэтыя радкі Кавальчук працягнуў іншымі, з той жа паэмы: «Ответ такой: «Он управлял течением мысли и только потому страной». Словы Кавальчука прагучалі ў кантэксце яго прапановы знайсці такія арганізацыі ў навуковым асяроддзі, якія б «кіравалі цягам думкі ў канкрэтных напрамках».

На гэта Пуцін адказаў, што «кіраваць цягам думкі — гэта правільна, трэба толькі, каб гэтая думка прывяла да правільных вынікаў, а не як ва Уладзіміра Ільліча».

«А тое ў канчатковым выніку гэтая думка прывяла да развалу Савецкага Саюза, вось да чаго. Там шмат было думак такіх: аўтанамізацыі і гэтак далей. Заклалі атамную бомбу пад будынак, які называецца Расіяй, яна і ірванула потым. І сусветная рэвалюцыя нам не патрэбна была. Вось такая думка там, таксама была», — сказаў Пуцін.

Раней расійскі прэзідэнт пазбягаў ацэнак дзейнасці Леніна, але некалькі разоў выказваўся пра Сталіна. Так, у 2002 годзе ён назваў Сталіна дыктатарам, аднак заклікаў не ігнараваць яго ролю ў гісторыі, бо менавіта пры ім Савецкі Саюз перамог у Вялікай Айчыннай вайне. У 2013 годзе Пуцін таксама казаў, што «з пункту гледжання ліберальнага істэблішменту Сталін — такі ж крывавы дыктатар, як Кромвель».

У 2005 годзе Пуцін назваў распад СССР «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай стагоддзя».