Расія. На лекара завялі крымінальную справу за «клас» у «Аднакласніках»

Лекар з  Хабараўскага краю паставіў «клас» карцінцы з асуджэннем удзелу расіян у вайне ва Украіне.

Фота Аляксей Андронаў, ТАСС

Фота Аляксей Андронаў, ТАСС

Лекар з горада Савецкая Гавань Хабараўскага краю стаў падазраваным па крымінальнай справе аб экстрэмізме (артыкул 282 КК РФ) з-за лайка ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» (там лайкі называюцца «класамі»).

Як паведамілі «МБХ Медыя» адвакат Канстанцін Сукаваты, у 2017 годзе ягоны падабаронны паставіў «клас» карцінцы з асуджэннем удзелу расіян у вайне на ўсходзе Украіны. З-за гэтага следства падазрае яго ў публікацыі «выказванняў, накіраваных на прыніжэнне годнасці групы асоб рускай нацыянальнасці».

Пракуратура хадайнічала аб арышце падазраванага, але суд пакінуў яго на волі. Па словах Сукаватага, абарона падала суду доказы таго, што падабаронны сам не загружаў карцінку; а зрабіў гэта, сцвярджае адвакат, нейкі жыхар Украіны.

«Намі пададзеныя звесткі аб рэальнай асобе, якая апублікавала малюнак», — паведаміў адвакат агенцтву «Хабараўскі край сёння».

«Крымінальная справа была ўзбуджаная па рапарце супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі», — паведаміла памочнік савгаванскага гарадскога пракурора Лізавета Гарбачова.

У Расіі вядомыя дзясяткі выпадкаў як крымінальнага, так і адміністрацыйнага пераследу за экстрэмізм з-за рэпостаў у сацсетках. У канцы чэрвеня ў Дзярждуму ўнеслі законапраект аб адмене крымінальнай адказнасці за падобныя дзеянні, але Вярхоўны суд рэкамендаваў дапрацаваць яго.

Паводле meduza.io