Расія заблакавала пагадненне па ядзернай дамове з-за пункта аб Запарожскай АЭС

Расія заблакавала прыняцце сумеснай дэкларацыі канферэнцыі ААН па ядзерным раззбраенні. Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, які пераглядаецца 191 удзельнікам кожныя пяць гадоў, накіраваны на прадухіленне распаўсюджання ядзернай зброі.

_126464300_gettyimages_1242248086.jpg

Расія запярэчыла супраць праекта дакумента, спасылаючыся на «сур'ёзную занепакоенасць» ваеннымі дзеяннямі вакол украінскіх атамных станцый, у прыватнасці Запарожскай.

Удзельнікі апошняй праверкі ў 2015 годзе таксама не змаглі прыйсці да згоды, нагадвае ВВС.

Сустрэча 2022 года павінна была адбыцца ў 2020 годзе, але яе адклалі з-за пандэміі Covid-19. Няздольнасць узгадніць сумесную дэкларацыю рушыла ўслед за чатырохтыднёвай канферэнцыяй у Нью-Ёрку.

Расія выступіла супраць часткі тэксту, у якой выказваецца «сур'ёзная занепакоенасць» ваеннымі дзеяннямі вакол украінскіх электрастанцый, уключаючы Запарожскую атамную электрастанцыю, якую Расія захапіла ў пачатку вайны на Украіне.

У праекце таксама адзначаецца «страта кампетэнтнымі органамі Украіны кантролю над такімі аб'ектамі ў выніку гэтых ваенных дзеянняў і іх глыбокі негатыўны ўплыў на бяспеку».

Прадстаўнік Расіі Ігар Тумаш заявіў, што праектам канчатковага тэксту не хапае «балансу».

Выніковы дакумент патрабаваў адабрэння ўсіх краін на канферэнцыі. Шэраг краін, у тым ліку Нідэрланды і Кітай, выказалі расчараванне ў сувязі з адсутнасцю кансенсусу.

Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, падтрыманы 190 краінамі ў 1970 годзе, абавязвае дзяржавы-падпісанты, уключаючы ЗША, Расію, Францыю, Вялікабрытанію і Кітай, скарачаць свае арсеналы і забараняе іншым набываць ядзерную зброю.

На мінулым тыдні Запарожскую АЭС часова адключылі ад электрасеткі, што выклікала асцярогі магчымай радыяцыйнай катастрофы.

Расійскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль найбуйнейшую атамную станцыю Еўропы ў пачатку сакавіка, але яна дагэтуль эксплуатуецца ўкраінскім персаналам у складаных умовах.

Чакаецца, што міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) у бліжэйшыя дні арганізуе паездку на Запарожскую АЭС для інспекцыі тамтэйшых аб'ектаў.

На мінулым тыдні Расея заявіла, што дазволіць інспектарам МАГАТЭ наведаць завод.