Расія стварае побач з мяжой Беларусі новую танкавую армію
У складзе Заходняй ваеннай акругі РФ да 1 снежня 2015 года будуць сфарміраваныя 1-я гвардзейская танкавая армія і 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія.
Пра гэта заявіла ТАСС высокапастаўленая крыніца ў Генштабе.
«Паводле дырэктывы начальніка Генеральнага штаба, 1-я гвардзейская танкавая армія і 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія павінны быць сфармаваныя ў складзе Заходняй ваеннай акругі да 1 снежня 2015 года», — сказаў суразмоўца агенцтва.
Па словах крыніцы, кіраванне (штабы) гэтых армій будзе дыслакаванае адпаведна ў пасёлку Бакоўка Маскоўскай вобласці і ў Варонежы. Камандаваць 1-й танкавай арміяй будзе генерал-маёр Аляксандр Чайко.
У склад 1-й танкавай арміі ўвойдуць Таманская мотастралковая і Кантэміраўская танкавая дывізіі. Акрамя таго, у новае аб'яднанне ўключаныя 27-я Севастопальская асобная мотастралковая і 6-я асобная танкавая брыгады.
Раней гэтыя злучэнні ўваходзілі ў склад 20-й арміі. Аднак у пачатку 2015 года яе камандаванне, якое размяшчалася пад Ніжнім Ноўгарадам, было адпраўлена для каардынацыі групоўкі войскаў, разгорнутых на мяжы з Украінай.
«Складаней ідзе справа з фарміраваннем 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі, якая пазбавілася большай часткі свайго баявога складу, — адзначыла крыніца. — Па стане на сёння, у склад войскаў ўключана 9-я танкавая брыгада з Ніжняга Ноўгарада. Зараз ідзе фарміраванне іншых танкавых і мотастралковых брыгад для гэтай арміі".
Пра тое, што ў расейскіх узброеных сілах будзе адноўлена 1-я гвардзейская танкавая армія, стала вядома ў пачатку чэрвеня 2015 года, калі ў інтэрнэце з'явіліся здымкі тэрыторыі перад кантрольна-прапускным пунктам штаба Таманской дывізіі, дзе на адным з стэндаў паказана, што гэтая армія ўзноўленая з 13 лістапада 2014 года.