Раскамнагляд пачаў запавольваць хуткасць працы Twitter у Расіі і абрынуў сайты дзяржорганаў
З 10 сакавіка хуткасць працы сервісу мікраблогаў Twitter для карыстальнікаў з Расіі будзе запаволеная, абвясціў Раскамнагляд.
У паведамленні ведамства адзначаецца, што «першаснае запаволенне хуткасці працы сервісу стала мерай, закліканай прымусіць Twitter да захавання норм расійскага заканадаўства і абараніць расіян ад «ўплыву супрацьпраўнага кантэнту», паведамляе АФН.
У Раскамнаглядзе паказалі, што «інтэрнэт-сервісам Twitter у перыяд з 2017 года па цяперашні час не выдаляецца кантэнт, які схіляе непаўналетніх да здзяйснення самагубстваў, які змяшчае дзіцячую парнаграфію, а таксама інфармацыю аб выкарыстанні наркатычных сродкаў». Агульная колькасць не выдаленых, насуперак патрабаванню ведамства, допісаў перавышае, паводле звестак Раскамнагляду, 3 тысячы.
На першым этапе Раскамнагляд запаволіў доступ да Twitter з паловы кампутараў у Расіі і з усіх мабільных прылад. У Раскамнаглядзе прыгразілі, што калі Twitter працягне ігнараваць патрабаванні аб выдаленні супрацьпраўнага кантэнту, то меры ўздзеяння могуць быць больш жорсткімі «аж да блакавання» доступу да сервісу.
Як патлумачыла РБК крыніца ў адным з буйных інтэрнет-правайдараў, Раскамнагляд можа самастойна абмежаваць хуткасць доступу да Twitter праз абсталяванне, усталяванае на сетках аператараў у рамках так званага «закона аб суверэнным Рунэце».
Праз дзве гадзіны пасля таго, як Раскамнагляд абвясціў пра запаволенне працы Twitter і прыгразіў сацсетцы поўным блакаваннем, перасталі адкрывацца афіцыйныя сайты расійскіх органаў дзяржаўнай улады.
З перабоямі працавалі сайты Савета Федэрацыі і самога Раскамнагляду. Шэраг карыстальнікаў не змаглі атрымаць доступ да старонак Мінфіна, Мінпрамгандлю, Мінэканамразвіцця.
Маштабны збой, паводле даных «DownDeterctor», перажыў «Растэлекам» — адзін з найбуйнейшых правайдараў краіны, які прадстаўляе паслугі ў тым ліку і хостынгу.
Скаргі паступаюць з Масквы, Краснадара, Навасібірска, Казані, Саратава, Кемерава і іншых гарадоў. 92% карыстальнікаў паведамляюць, што маюць цяжкасці з доступам у Інтэрнет, яшчэ 5% ахарактарызавалі праблему як «збой усіх сервісаў».
У Крамлі праблемы не заўважылі. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сцвярджаў, што ў іх, у Крамлі, усё адкрываецца. Прадстаўнік Раскамнагляду Андрэй Палякоў патлумачыў збой у працы інтэрнету ў «Растэлекама» непаладкамі ў абсталяванні, але ніяк не запаволеннем Twitter. У Савеце Федэрацыі і ўвогуле заявілі, што ЗША пачалі сваю абяцаную хакерскую атаку.
Ці атрымалася ў Раскамнагляду запаволіць Twitter, пакуль не ясна, але ўсю Расію спыніць атрымалася. Як і ў мінулы раз, калі Раскамнагляд адчайна спрабаваў забаніць доступ да Telegram.