Расследаванне крушэння МН17: ракета была запушчана са Снежнага

Міжнародная следчая група, якая вядзе расследаванне крушэння над Украінай пасажырскага самалёта «малайзійскіх авіяліній», паведаміла сваякам загінулых, што лайнер быў збіты ракетай, пушчанай з населенага пункта Снежнае.

_91408104_mh17_624map_russian.jpg


У якасці доказаў сваякам прадаставілі фота і відэазапісы, а таксама запісы перамоваў.
Следчыя таксама дэталёва апісалі, як ішла калона з «Букам», і яе маршрут. Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай сваякам, пускавая ўстаноўка «Бук», з якой быў збіты самалёт, была дастаўлена ва Украіну з Расіі.
У міжнароднай камісіі, якая расследуе прычыны катастрофы ёсць спіс са ста падазроных у дачыненні да крушэння, кажуць сваякі ахвяр.
«Прадстаўленая нам інфармацыя выглядае вычарпальна», — распавёў адзін са сваякоў.
І тады, і цяпер тэрыторыю Снежнага кантралявалі прарасійскія сепаратысты з самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.
У бліжэйшы час у Гаазе следчыя павінны абвесціць прамежкавыя вынікі працы расследавання.
У склад міжнароднай следчай групы ўваходзяць прадстаўнікі Нідэрландаў, Аўстраліі, Малайзіі, Бельгіі і Украіны, якія дзейнічаюць пры падтрымцы рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН.
Высновы групы могуць стаць асновай для крымінальнага пераследу.
«Мы падалі міжнароднай групе расследавання нашы дадзеныя. У тым ліку аб крузе магчымых падазраваных. Што яны будуць рабіць з гэтай інфармацыяй — гэта іх рашэнне», — заявіў кіраўнік групы Bellingcat, якая неаднаразова публікавала даклады аб крушэнні MH17.
Міністэрства абароны Расіі адмаўляе якое-небудзь дачыненне да знішчэння самалёта і вылучае альтэрнатыўныя тэорыі.
«Боінг-777» «малайзійскіх авіяліній», які выконваў рэйс МН17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў збіты над паўднёвым усходам Украіны ў ліпені 2014 года. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.
Паводле bbc.com