Спыненне агню на ўсходзе Украіны: супярэчлівыя заявы

Заяву на сайце прэзідэнта Украіны адрэдагавана: было «дамовіліся аб спыненні агню», стала «абмеркавалі рэжым спынення агню».



zablytausia.jpg

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін дамовіліся аб пастаянным спыненні агню на Данбасе, заявілі ў адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта. Як паведаміў афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы ў сераду, адпаведная дамоўленасць была дасягнута ў тэлефоннай размове двух лідэраў. Зрэшты, з самога паведамлення АП не было зразумела, пра якія тэрміны і ўмовы можа ісці гаворка.
«Вынікам размовы стала дамоўленасць аб пастаянным спыненні агню на Данбасе. Было дасягнута паразуменне адносна крокаў, якія будуць спрыяць усталяванню міру», — гаварылася ў паведамленні. 
Разам з тым прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў абверг, што два прэзідэнты дамовіліся аб спыненні агню, «таму што Расія не ўдзельнічае ва ўкраінскім канфлікце», перадало расійскае агенцтва «РІА Навіны». 
Раней у Крамлі паведамлялі, што «кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі адносна таго, што трэба зрабіць у першачарговым парадку для хутчэйшага спынення кровапраліцця на паўднёвым усходзе гэтай краіны». 
«Пункты гледжання прэзідэнтаў дзвюх краін аб магчымых шляхах выхаду з цяжкай крызіснай сітуацыі ў значнай ступені супадаюць», — адзначылі ў прэс-службе расійскага прэзідэнта. 
Ва ўкраінскім і расійскім МЗС пакуль не каментуюць інфармацыю аб спыненні агню. 
Пазней заява на сайце прэзідэнта Украіны была адрэдагавана: было «дамовіліся аб спыненні агню», стала «абмеркавалі рэжым спынення агню».
Адначасова ў так званай «ДНР» заявілі, што не ведаюць ні пра якія дамоўленасці аб спыненні агню. 
«Армія ДНР не спыніць агонь як мінімум да таго часу, пакуль на Данбасе знаходзяцца карнікі», — цытуе прадстаўніка сепаратыстаў «РІА Навіны».