Sueddeutsche Zeitung: Крызіс у Расіі выкліканы памылкамі Масквы
Глыбокі эканамічны і валютны крызіс у Расіі выкліканы, у першую чаргу, памылкамі, якія Масква дапускала ў мінулым.
Такую думку на старонках нямецкай газеты Sueddeutsche Zeitung выказаў прэзідэнт Федэральнага аб'яднання нямецкай прамысловасці (BDI) Ульрых Грыла. «Галоўная прычына цяперашняга крызісу ў Расіі — не санкцыі, а аднабаковая фіксацыя расійскай эканомікі на нафце і карысных выкапнях. За шматлікія дзесяцігоддзі Расія так і не дыверсіфікавала сваю эканоміку», — заявіў Грыла. Аб'яднанне, як нагадвае выданне, прадстаўляе больш за 100 тысяч нямецкіх кампаній з агульным лікам персаналу ў 8 млн чалавек.
Таксама прэзідэнт BDI, як гаворыцца далей, падтрымаў санкцыі Захаду ў дачыненні да Расіі. «Я па-ранейшаму падтрымліваю гэты курс, — растлумачыў Грыла. — Доўгатэрміновая прававая бяспека ў Еўропе важней кароткатэрміновай дзелавой выгады». Між тым, раней цэлы шэраг топ-мэнеджэраў нямецкіх кампаній і старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Зігмар Габрыэль выказаліся супраць узмацнення жорсткасці антырасійскіх санкцый. Крызіс ва Украіне, па словах Грыла, ужо «больш не будзе абвастрацца». «Знайсці дыпламатычнае рашэнне крызісу ва Украіне ўсё яшчэ магчыма», — дадаў ён.
Акрамя гэтага, Грыла выказаў крытыку ў адрас урада ФРГ. «Я лічу першы год праўлення кіруючай кааліцыі з ХДС і СДПГ страчаным. Я спадзяваўся на большае. Урад выдзеліў занадта шмат сродкаў на праекты, якія не арыентаваныя на будучыню», — падкрэсліў Грыла.
На яго думку, існуе рызыка таго, што «праз 5-10 гадоў Германія можа страціць цяперашні высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці». «Дабрабыт і эканамічны рост не з’яўляюцца рэчамі, якія адбываюцца самі па сабе», — запэўніў Грыла.
Што датычыць скарачэння экспарту нямецкай прадукцыі ў Расію, то для некаторых нямецкіх прадпрыемстваў яно, па словах Грыла, ужо дасягнула пагрозлівага ўзроўню. Аднак для нямецкай эканомікі ў цэлым гэта не будзе граць гэткай значнай ролі, бо доля Расіі ў агульным аб’ёме нямецкага экспарту не перавышае 3%, перадае выданне.
Паводле Inopressa.ru