Шоумэн Дзмітрый Кахно паказаў Алматы ў разгар пратэстаў і эвакуацыю на Іл-76

Беларускі шоумэн і былы вядучы тэлебачання Дзмітрый Кахно трапіў у Казахстан нечакана для сябе ў самы разгар пратэстаў. Пра становішча ў Алматы і эвакуацыі ў Маскву на вайсковым самалёце ён распавёў у сваім Instagram, апублікаваўшы фота і відэа.

Дзмітрый Кахно ў Алматы. Кадр з відэа

Дзмітрый Кахно ў Алматы. Кадр з відэа


Кахно планаваў злятаць у Казахстан на два дні. Але калі прыляцеў, мірныя мітынгі якраз перараслі ў сур'ёзныя пратэсты з нападамі на ўрадавыя будынкі і выкарыстаннем зброі па пратэстоўцах.
«Я прыбыў у Алматы 5 студзеня. Пакуль я ляцеў, там усё і пачалося. Такой паездкі я дакладна не планаваў», — кажа ён.
Дзмітрый жыў у гатэлі ў цэнтры горада, дзе было асабліва небяспечна знаходзіцца, але пазней ён перабраўся да сяброў у больш бяспечны раён. Гэта была яго адзіная паездка.
«Крамы не працавалі і былі разрабаваныя. Даводзілася есці што даюць», — распавядае Кахно.
6 або 7 студзеня ён зняў на відэа з акна страляніну і выбухі ў цэнтры горада.
«Я такой стральбы не чуў ніколі. І, спадзяюся, не пачую», — прызнаўся шоумэн.
Урэшце 9 студзеня яму ўдалося трапіць на эвакуацыйны рэйс, арганізаваны расійскімі вайскоўцамі. Перавозілі людзей у ваенна-транспартным самалёце Іл-76, рэйс з Алматы да Масквы доўжыўся пяць з паловай гадзін.
Нагадаем, тэлевядучы Дзмітрый Кахно ў чэрвені 2020 года асудзіў затрыманні людзей каля крамы Symbal.by. праз два тыдні яго знялі з эфіру АНТ, дзе Дзмітрый вёў перадачу «Удача в придачу». У верасні яго і шоумена Дзяніса Дудзінскага затрымалі і асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 15 кастрычніка Дзмітрыя Кахно судзілі другі раз. Ён атрымаў штраф у 25 базавых велічынь (675 рублёў). Неўзабаве пасля гэтага ён з'ехаў у Маскву (ён павінен быў весці шоу «Холостяк» на ТНТ, але ў выніку з-за каронавіруса не змог удзельнічаць у здымках) і з тых часоў жыве там разам з жонкай і двума дзецьмі, займаючыся ў асноўным правядзеннем мерапрыемстваў.