Прэзідэнт Казахстана заявіў, што целы «баевікоў», якія ўдзельнічалі ў беспарадках, скралі з моргаў іх «змоўшчыкі»

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на нарадзе кіраўнікоў краін Арганізацыі дагавора калектыўнай бяспекі (АДКБ) расказаў лідарам дзяржаў-саюзнікаў, што ў пратэстах у краіне ўдзельнічалі нейкія «замежныя баевікі», але іх целы з моргаў і з вуліц забралі іншыя тэрарысты «вядомага паходжання».

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, скрыншот з відэа

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, скрыншот з відэа


«З упэўненасцю гавару аб прамым удзеле тэрарыстаў, у тым ліку замежных баевікоў, у агрэсіі супраць Казахстана. Невыпадкова бандыты нападалі па начах на моргі, забіралі і везлі целы сваіх загінуўшых саўдзельнікаў, — заявіў ён. — Яны таксама забіралі целы баевікоў прама з поля бою. Гэта практыка міжнародных тэрарыстаў вядомага паходжання. Менавіта так яны замятаюць сляды».
Такаеў таксама паабяцаў прадставіць доказы падрыхтоўкі «тэрарыстычнай агрэсіі» супраць Казахстана, але «пазней».
Падчас пратэстаў у Казахстане з другога па 10 студзеня загінулі 16 сілавікоў, колькасць ахвяр сярод грамадзянскіх невядомая. Затрыманы амаль 8 000 пратэстантаў.
У краіне разгорнуты міратворчыя сілы АДКБ — 2300 чалавек з Расіі, Беларусі, Арменіі, Кыргызстана і Таджыкістана. Яны дыслакаваны ў Нур-Султане, Алматы, Алмацінскай вобласці.


Пратэсты ў Казахстане пачаліся з горада Жанаазен. Там жыхары абурыліся ростам коштаў на звадкаваны прыродны газ. У наступныя дні мітынгі прайшлі па ўсёй краіне, а пратэстуючыя сталі патрабаваць сыходу першага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева з палітыкі. У былой сталіцы краіны Алматы пачаліся сілавыя сутыкненні, пагромы і растрэлы.
У ноч з 4 на 5 студзеня ўрад Казахстана пайшоў у адстаўку, прэзідэнт Такаеў увёў надзвычайнае становішча на ўсёй тэрыторыі краіны, а затым узначаліў Савет бяспекі, старшынёй якога раней быў Назарбаеў. 5 студзеня Такаеў звярнуўся да лідараў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) з просьбай «аказаць дапамогу Казахстану ў пераадоленні тэрарыстычнай пагрозы».
«Новая газета»