«Дзякуючы Елбасы з'явілася праслойка вельмі багатых людзей». Такаеў «наехаў» на спадчыну Назарбаева

Ён заклікаў кампаніі, якія ў краіну прывёў Назарбаеў, «аддаць належнае народу Казахстана».

tokaev_i_nazarbaev_1.jpeg

Ключавымі выгаданабытчыкамі эканамічнага росту ў Казахстане сталі алігархічныя групы, заявіў у Межлісе прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў, піша «Інтэрфакс».

«Алігаполіі, што склаліся, сур'ёзна абмежавалі развіццё свабоднага рынку і знізілі канкурэнтаздольнасць краіны», — дадаў ён.

Прэзідэнт таксама прызнаў абвастрэнне маёмаснай няроўнасці ў краіне і адрыў уладаў ад рэальнай карціны і ад спадзяванняў народа.

«Варта прызнаць, што трагічныя падзеі ў краіне шмат у чым выкліканыя сур'ёзнымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі і неэфектыўнай, а дакладней правальнай, дзейнасцю некаторых дзяржаўных органаў. Адбыўся прыкметны адрыў асобных выканаўчых органаў ад цяжкіх рэалій і патрэбаў грамадзян. У прадстаўнікоў уладных структур сфармавалася скажонае ўяўленне пра жыццё людзей, іх спадзяваннях і запытах», — сказаў Такаеў.

«Абвастрылася і праблема няроўнасці. Яна пагаршаецца з году ў год, хоць сярэднія паказчыкі даходаў насельніцтва быццам бы растуць. Прынамсі на паперы. Аднак за прыстойнымі сярэднімі заробкамі хаваецца моцнае маёмаснае расслаенне ў грамадстве. Многія надзённыя праблемы грамадзян не вырашаны», — падкрэсліў ён.

«Я чакаю значныя і рэгулярныя адлічэнні ў фонд з боку бізнесу. Дзякуючы першаму прэзідэнту — Елбасы ў краіне з'явілася група вельмі прыбытковых кампаній і праслойка багатых людзей нават па міжнародных мерках. Лічу, што прыйшоў час аддаць належнае народу Казахстана і дапамагаць яму на сістэмнай і рэгулярнай аснове», — сказаў ён на пасяджэнні Межліса ў аўторак.

Ураду Такаеў даручыў вызначыць кола кампаній і ўзгадніць суму штогадовых узносаў у фонд.

Масавыя беспарадкі ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў Жанаазене з пратэстаў супраць рэзкага падвышэння коштаў на звадкаваны газ.