Трамп дапускае ўдар па сілах Расіі ў Сірыі — СМІ

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абдумвае, ці будуць амерыканскія сілы наносіць удары па расійскіх і іранскіх вайскоўцах у Сірыі ў выпадку атакі супраць урадавых сіл САР.

2193268.jpg

Пра гэта ў нядзелю, 9 верасня, паведамляе са спасылкай на неназваных амерыканскіх афіцыйных асобаў газета “Wall Street Journal”.

У прыватнасці, крыніцы газеты заявілі, што прэзідэнт Сірыі Башар Асад "ухваліў выкарыстанне хларыну падчас нападаў супраць апошняга вялікага апірышча паўстанцаў у краіне", якім лічыцца правінцыя Ідліб. Гэта можа справакаваць зваротны ўдар амерыканскіх узброеных сіл, дадае выданне.

"Пентагон распрацоўвае ваенныя сцэнары, але Трамп яшчэ не вырашыў, што менавіта будзе лічыцца падставай для ваеннага адказу, і ці будуць ЗША атакаваць расійскія ці іранскія вайсковыя сілы, якія дапамагаюць Асаду ў Сірыі", — піша газета са спасылкай на неназваных амерыканскіх чыноўнікаў.

Пры гэтым афіцыйныя асобы не змаглі пацвердзіць выданню, што ЗША пойдуць на авіяўдары па Сірыі ў выпадку нападу з выкарыстаннем атрутных рэчываў. Па дадзеных “Wall Street Journal”, замест вайсковых удараў Вашынгтон можа выкарыстоўваць кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць сірыйскіх чыноўнікаў.

"Мы не казалі, што ЗША будуць выкарыстоўваць ваенную сілу ў адказ на атаку. У нашым распараджэнні ёсць палітычныя інструменты, у нас ёсць эканамічныя інструменты. Існуе шэраг розных адказаў, якія мы можам даць, калі Асад зробіць гэты неабдуманы небяспечны крок", — распавяла адна з высокапастаўленых крыніц газеты ў Белым доме.

Мінабароны Расіі раней папярэджвала, што ў Сірыі рыхтуецца правакацыя з хімічнай зброяй, якая павінна будзе стаць падставай для нанясення ЗША, Брытаніяй і Францыяй удару па дзяржаўных аб'ектах Сірыі. Тры краіны раней ужо наносілі ўдары па сірыйскіх урадавых аб'ектах, называючы гэта адказам на хімічныя атакі.

Акрамя таго, дарадца прэзідэнта ЗША па нацбяспецы Джон Болтан заявіў, што Вашынгтон можа нанесці ўдар па тэрыторыі Сірыі, калі рэжым Башара Асада прыменіць хімічную зброю.

Паводле korrespondent.net